ДАПАМОГА БЕЛАРУСКІМ ДОБРААХВОТНІКАМ. Дзякуючы падтрымцы МЗС Германіі, каманда Святланы Ціханоўскай перадала пяць аўтамабіляў у Полк імя Кастуся Каліноўскага. Па інфармацыі камандавання ПКК, яны ўжо выкарыстоўваюцца для выканання баявых задачаў.
СХОД БЕЛАРУСКІХ ІНІЦЫЯТЫВАЎ. 14 чэрвеня адбылася адкрытая імпрэза для беларусаў у Варшаве, якую арганізоўвалі Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб'яднаны Пераходны Кабінет, Каардынацыйная рада, Беларускі Моладзевы Хаб. Святлана Ціханоўская выступіла на адкрыцці імпрэзы. У імпрэзе удзельнічалі каля 400 чалавек і больш за 20 беларускіх грамадзянскіх арганізацыяў. Былі праведзеныя 4 панэльныя дыскусіі. Святлана Ціханоўская падзякавала ўсім удзельнікам і адзначыла, што: «Там, дзе ёсць беларусы, заўсёды прысутнічае любоў і ўзаемадапамога».
ВІЗІТ У ЭСТОНІЮ. 15 чэрвеня Святлана Ціханоўская знаходзілася з працоўным візітам у Таліне, дзе сустрэлася з міністрам замежных справаў Эстоніі, спікерам Парламента, дэпутацкай групай сяброў Беларусі на чале з Урмасам Рэйнсалу, беларусамі Эстоніі. Вынікам візіту стала стварэнне групы сяброў дэмакратычнай Беларусі ў Парламенце Эстоніі, рашэнне пра правядзенне Эстонска-беларускай канферэнцыі ўвосень гэтага года. Падчас сустрэчаў абмяркоўвалі дапамогу беларускім добраахвотнікам, ВНЖ для беларусаў, супольныя мерапрыемствы падчас саміту НАТА і Генасамблеі ААН. Таксама Ціханоўская выступіла на генеральнай асамблеі Канферэнцыі еўрапейскіх цэркваў і заклікала падтрымаць беларускіх палітвязняў. У цэрквах па ўсёй Еўропе правядуць малітвы за вызваленне і здароўе палітвязняў.
АДКАЗНАСЦЬ ДЛЯ ПАМАГАТЫХ РЭЖЫМУ. 12 чэрвеня Святлана Ціханоўская і дарадца па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр узялі ўдзел у міжнароднай канферэнцыі «Адказнасць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці і міграцыйны крызіс: перспектывы міжнароднага правасуддзя», якая праходзіць пад патранажам Святланы Ціханоўскай і прэм’еркі Літвы. Ціханоўская ў сваёй прамове заклікала разгледзець усе магчымыя механізмы прыцягнення рэжыму да адказнасці: ад універсальнай юрысдыкцыі да рэгіянальных трыбуналаў – і выпрацаваць агульную стратэгію іх выкарыстання. А Крысціна Рыхтэр запісала відэа, у якім распавяла пра тое, як прайшла канферэнцыя, хто ў ёй удзельнічаў і якія пытанні абмяркоўвалі.
САЛІДАРНАСЦЬ З ПАЛІТВЯЗНЯМІ. 18 чэрвеня гадавіна затрымання Віктара і Эдуарда Бабарыкі. Святлана Ціханоўская нагадала, што пра Віктара Дзмітрыевіча нічога не вядома з 25 красавіка. «Мяне заўсёды натхняў прыклад такіх моцных беларускіх сем'яў, як Бабарыкі, сёстры Калеснікавы, сям'я Лосікаў і іншыя. Менавіта дзякуючы такім гісторыям верыш у сапраўднае каханне, веру адно ў аднаго і ўзаемадапамогу», – адзначыла Святлана Ціханоўская.
ЯДЗЕРНАЯ ЗБРОЯ. Святлана Ціханоўская пракаментавала словы Пуціна наконт дастаўкі першай партыі ядзернай зброі ў Беларусь: «Ні ў нас, ні ў нашых міжнародных партнёраў пакуль няма пацверджанай інфармацыі. Іх мэта – запалохаць беларусаў i прымусіць краіны Захаду спыніць падтрымку Украіны і дамаўляцца з Лукашэнкам і Пуціным. Нашая агульная адказнасць: і беларусаў, і ўкраінцаў, і краінаў Захаду – каб у Беларусі не было ядзернай зброі, расійскіх базаў і расійскіх войск. Каб Беларусь захавала свой суверэнітэт, а не стала пратэктаратам Расіі».
РЭЗАЛЮЦЫЯ МАП ПА БЕЛАРУСІ. Міжнародная арганізацыя працы прыняла 33 артыкул свайго Статуту ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі за сістэмныя парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіі супраць працоўных. Рашэнне падтрымалі абсалютнай большасцю, больш за 300 дэлегатаў прагаласавалі за тое, каб прыняць да рэжыму Лукашэнкі абмежавальныя захады. Святлана Ціханоўская пракаментавала: «12 чэрвеня Міжнародная арганізацыя працы прыняла рэзалюцыю па Беларусі, у якой заклікала краіны-ўдзельніцы перагледзець адносіны з рэжымам Лукашэнкі. Гэта заканамерная рэакцыя на сістэматычнае парушэнне правоў працоўных і рэпрэсіі. Безумоўна, трэба, каб гэтая рэзалюцыя мела практычныя крокі».
ПАМЯЦІ ГЕРОЯЎ. 14 чэрвеня, падчас візіту ў Варшаву, Святлана Ціханоўская ўручыла дзевяць медалёў «Гонар і годнасць» блізкім загінулых ва Украіне беларускіх ваяроў. Некалькі медалёў перададзеныя ў Полк Каліноўскага паплечнікам загінулых. У цырымоніі прынялі ўдзел намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка і прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Кабінета Аліна Коўшык.
БЕЛАРУСКАЕ КІНО. Святлана Ціханоўская распавяла беларусам пра тое, дзе можна глядзець беларускае кіно – у анлайн-кінатэатры «Водбліск». Гэта малады праект, які стварыла каманда фестываля «Паўночнае ззянне». На «Водбліску» можна паглядзець беларускае сучаснае незалежнае кіно – як ігравыя, так і дакументальныя стужкі. Штомесяц на платформе з’яўляюцца новыя фільмы. Акрамя кіно на платформе і ў сацсетках выходзяць гутаркі з беларускімі кінадзеячамі.
ПРЭЗЕНТАЦЫЯ КНІГІ. 22 чэрвеня, у 18:00 (па беларускім часе) Даследчы цэнтр Офіса Святланы Ціханоўскай і Оксфардская абсерваторыя па Беларусі прадставяць кнігу «Беларусь у XXI стагоддзі: паміж дыктатурай і дэмакратыяй», для якой Святлана Ціханоўская напісала прадмову. Каб далучыцца анлайн, рэгіструйцеся па спасылцы.
ПОЛІСІ-БРЫФ. Оксфардская абсерваторыя па Беларусі пры дапамозе Даследчага цэнтра Офіса Святланы Ціханоўскай ды Інстытута глабальнага ўстойлівага развіцця Уорыцкага ўніверсітэта склала полісі-брыф на тэму «Беларускія палітычныя зняволеныя: што трэба зрабіць, каб іх вызваліць?». Полісі-брыф разглядае бягучую сітуацыю вакол беларускіх палітычных зняволеных і спосабы, дзякуючы якім яны могуць быць вызваленыя.
МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю BBC (Міжнароднае), Postimees (Эстонія), ERR (Эстонія), Delfi (Эстонія), HN online (Славакія), Deutschlandfunk (Германія).