• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Выступ Святланы Ціханоўскай на міжнароднай канферэнцыі: «Адказнасць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці і міграцыйны крызіс: перспектывы міжнароднага правасуддзя» ў Вільні, 2023

    12 чэрвеня, 2023

    «Спадарыня Эвеліна Дабравольская,
    Спадарыня Анаіс Марын,
    Спадар Дайнюс Жалімас,
    Спадарыні і спадары,

    Перш за ўсё, дазвольце мне падзякаваць Міністэрству юстыцыі Літвы і Law and Democracy Centre за арганізацыю гэтай канферэнцыі.

    Гэтая канферэнцыя – яшчэ адзін крок у аднаўленні правасуддзя ў Беларусі. Для аднаўлення справядлівасці нам неабходна не толькі вызваліць усіх палітычных зняволеных і правесці свабодныя і сумленныя выбары, але і прыцягнуць да адказнасці ўсіх, хто здзейсніў злачынствы.

    Рэжым Лукашэнкі мае доўгі спіс злачынстваў з 1994 года: злоўжыванне ўладай, фальсіфікацыя выбараў, угон самалёта, злачынствы супраць чалавечнасці і злачынствы агрэсіі, пазасудовыя расправы над палітычнымі апанентамі.

    Мы ведаем пра гэтыя злачынствы, але ў нас няма механізмаў, якія дазваляюць прыцягнуць рэжым да адказнасці. Спадзяюся, эксперты, якія сабраліся тут, дапамогуць нам знайсці рашэнні.

    Пасля прэзідэнцкай кампаніі 2020 года Беларусь апынулася ў сітуацыі прававога дэфолту. У адказ на мірны і законны пратэст беларусаў рэжым адказаў тэрорам. Ні нацыянальнае заканадаўства, ні міжнародныя законы больш не маглі абараніць беларусаў. Суды ператварыліся ў карныя органы, а турмы – у камеры катаванняў.

    Стала відавочна, што Лукашэнка дзеля свайго палітычнага выжывання пойдзе на ўсё, у тым ліку злачынствы супраць чалавечнасці. Гэта быў самы высокі ўзровень гвалту не толькі ў гісторыі Беларусі, але і ў гісторыі Еўропы ад пачатку гэтага стагоддзя.

    Толькі за першыя 3 дні пасля выбараў 2020 года было затрымана каля 7000 грамадзянаў. Амаль кожны з іх трапіў пад катаванні. Людзі пакутавалі ад выбухаў шумавых гранатаў і кулявых параненняў. Многіх прымушалі доўгі час стаяць на каленях. Жанчын і пажылых людзей пазбаўлялі вады і трымалі ў перапоўненых і душных камерах. Многія збіваліся. Дзяўчатам пагражалі сексуальным гвалтам. Некалькі чалавек былі згвалтаваныя.

    Відавочна, што сам рэжым не распачаў ніякіх крокаў для расследавання палітычна матываванага гвалту, забойстваў і катаванняў. Замест гэтага многія людзі, якія спрабавалі падаць у суд на паліцыю за катаванні, самі трапілі пад пераслед. Супраць іх заводзіліся крымінальныя справы, напрыклад, за ўдзел у масавых беспарадках.

    Жорсткасць рэжыму была дакументальна пацверджаная спецыяльнай дакладчыцай ААН Анаіс Марын у яе шматлікіх дакладах. Таксама АБСЕ двойчы ініцыявала Маскоўскі механізм супраць рэжыму. На аснове яго рэкамендацый была створаная Міжнародная платформа па прыцягненні да адказнасці для Беларусі. Да платформы далучыліся беларускія праваабаронцы і іх партнёры з розных краінаў.

    На платформе ўжо сабраная інфармацыя пра больш за тысячу ахвяраў і сведкаў меркаваных злачынстваў. Тут сабрана больш за сто тысячаў відэаролікаў, больш за 300 000 фотаздымкаў і тэкстаў з 418 адкрытых крыніцаў – усяго больш за 700 000 матэрыялаў. Безумоўна, гэтыя матэрыялы стануць важнай асновай для прыцягнення рэжыму да адказнасці. Але нават яны не адлюстроўваюць усяго маштабу тэрору.

    Пасля пачатку агрэсіі Расіі супраць Украіны рэпрэсіі супраць беларусаў нават узмацніліся. Рэжым Лукашэнкі адчувае, што ўвага ўсяго свету прыкаваная да Украіны, што дазваляе яму працягваць свае злачынствы. Штодзень незаконна затрымліваюцца 10-20 чалавек. Суддзі працягваюць выносіць пазапраўныя прысуды. Нават паведамленне ў сацыяльных сетках зараз можа быць кваліфікаванае як тэрарызм.

    У сакавіку 2023 года беларусы даведаліся, што такое «інкамунікада». Напрыклад, я ўжо тры месяцы не атрымліваю вестак ад свайго мужа Сяргея. Гэта новая тактыка рэпрэсіяў рэжыму. Многія палітвязні цалкам адрэзаныя ад знешняга свету, у іх няма юрыдычнай дапамогі.

    Пакутуюць не толькі беларусы. Тысячы мігрантаў, прывезеных рэжымам да польскай і літоўскай мяжы, выкарыстоўваюцца для дэстабілізацыі сітуацыі ў суседніх краінах. Рэжым дэманструе поўную непавагу да міжнароднага права і чалавечага жыцця.

    Міжнародная супольнасць неаднаразова падкрэслівала злачынны характар рэжыму. Я вітаю рэзалюцыю Сейма Літвы, у якой прапануецца стварыць спецыяльны міжнародны трыбунал па злачынствах супраць чалавечнасці, здзейсненых рэжымам. Гэтая рэзалюцыя таксама прапануе прыцягнуць да адказнасці вышэйшае палітычнае і ваеннае кіраўніцтва Беларусі за са-агрэсію супраць Украіны. У студзені Еўрапейскі парламент прыняў аналагічную рэзалюцыю. Сярод нашых заходніх сяброў тэма адказнасці рэжыму становіцца ўсё больш актуальнай.

    Нядаўна мы ўбачылі яшчэ адну лінію злачыннай дзейнасці Лукашэнкі. Мой намеснік Павел Латушка і Нацыянальнае антыкрызіснае ўпраўленне сабралі доказы таго, што вышэйшыя беларускія чыноўнікі былі датычныя да незаконнай перадачы ўкраінскіх сіротаў на беларускую тэрыторыю. Гэтую інфармацыю неабходна старанна вывучыць і даць ёй прававую ацэнку.

    Дарагія сябры,

    Нашай мэтай і нашым прыярытэтам мусіць быць аднаўленне справядлівасці ў Беларусі. Я ўпэўненая, што змены ў Беларусі прыйдуць, і мы павінны быць гатовыя да іх. Мы павінны падрыхтаваць і адаптаваць беларускае нацыянальнае заканадаўства па пераследзе злачынстваў супраць чалавечнасці.

    Аднак ужо зараз мы павінны вывучыць існуючыя механізмы прыцягнення дыктатара і яго памагатых да адказнасці. Іх некалькі: універсальная юрысдыкцыя, спецыяльныя трыбуналы і спецыяльныя рэгіянальныя трыбуналы; Міжнародны суд ААН і Міжнародны крымінальны суд, як у выпадку з незаконнай перадачай украінскіх дзяцей.

    Я прашу вас звярнуць адмысловую ўвагу на ўніверсальную юрысдыкцыю. Яна дазваляе дзяржавам пераследаваць злачынствы, учыненыя ў іншых краінах і замежнымі грамадзянамі. Выкарыстанне ўніверсальнай юрысдыкцыі было адобранае ПАРЕ ў 2021 годзе. Дзяржавы-сябры Рады Еўропы могуць адкрываць справы аб парушэннях правоў чалавека, нават калі злачынец не знаходзіцца на іх тэрыторыі.

    Некаторыя справы па пераследзе катаванняў у Беларусі ўжо былі распачатыя ў Літве і Польшчы. Прадпрымаюцца спробы распачаць падобныя справы ў Чэхіі і Германіі.

    На жаль, прагрэс у такіх справах вельмі абмежаваны. Рашэнні па такіх справах прымаюцца вельмі марудна. Часам гэта адбываецца з-за асаблівасцяў нацыянальнага заканадаўства. Часам следчым не хапае звестак пра людзей, якія здзейснілі злачынствы. Каб прасоўваць гэтыя справы, нам патрэбная палітычная воля, а таксама супрацоўніцтва паміж следчымі і праваабаронцамі, якія маюць доступ да дадзеных.

    На жаль, у нас таксама няма значнага прагрэсу з МУС. Каб пачаць расследаванне, нам патрэбнае рашэнне пракурора МУС. Запуск расследавання праз Раду Бяспекі малаверагодны, пакуль Кітай і Расія маюць права вета.

    Рэжым бачыць, што існуючыя механізмы не працуюць. Гэта дае яму адчуванне беспакаранасці, і рэжым толькі ўзмацняе рэпрэсіі.

    Вось чаму нам усім трэба падумаць: як прыцягнуць да адказнасці тых, хто вінаваты ў злачынствах супраць чалавечнасці і іншых злачынствах, у тым ліку злачынствы агрэсіі і ваенныя злачынствы? Мы павінны выпрацаваць дакладную стратэгію.

    Я разумею, што гэта складаная задача. Але я спадзяюся, што на гэтай платформе высокага ўзроўню мы зможам наблізіцца да таго моманту, калі галоўныя вінаватыя паўстануць перад справядлівым судом.

    Дзякую вам за ўвагу».

    Апошнія навіны