Пра гэта было абвешчана падчас сустрэчы Святланы Ціханоўскай са спікерам эстонскага Парламента Лауры Хусарам. У групу ўвайшлі прадстаўнікі як урадавых партыяў, так і апазіцыі. У бліжэйшых планах групы – правесці слуханні па Беларусі, распрацаваць рэзалюцыю па Беларусі на тэму размяшчэння ядзернай зброі, арганізаваць парламенцкі візіт для выпрацоўкі стратэгіі працы па Беларусі. На сустрэчы са спікерам абмяркоўвалі супрацу паміж дэмакратычнай Беларуссю і Эстоніяй, еўрапейскую перспектыву для Беларусі, ролю Беларусі ў рэгіянальнай сістэме бяспекі.
Таксама Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўніком парламенцкай групы сяброў Беларусі Урмасам Рэйнсалу. Яны абмеркавалі эфектыўныя шляхі ціску на рэжым, дапамогу беларусам у Эстоніі ў пытаннях міграцыі і атрымання відаў на жыхарства, праблему размяшчэння ядзернай зброі, прыцягненне рэжыму да адказнасці за злачынствы супраць беларусаў і саўдзел Лукашэнкі ў вайне.
Святлана Ціханоўская пракаментавала вынікі сустрэчаў: «Гэта мой першы візіт у Талін пасля выбараў. Тут памяняўся урад, памяняўся парламент. Але не памянялася падтрымка для Беларусі. Пытанне Беларусі аб’ядноўвае ўсе палітычныя партыі. Я радая, што кіраўніком парламенцкай групы стаў Урмас Рэйнсалу – наш сябра і адзін з галоўных нашых адвакатаў у свеце. Дзякуючы яму пытанне Беларусі гучала ў Радзе бяспекі і Генасамблеі ААН. Дзякуючы нашай супрацы былі спрошчаныя міграцыйныя абмежаванні для беларусаў і студэнты могуць працягваць вучобу ў гэтай краіне. Я веру, што ў нас наперадзе шчыльная і насычаная супраца».