• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Прамова Святланы Ціханоўскай у Еўрапейскім Парламенце, 2023

    13 верасня, 2023

    Спадарыня Старшыня Раберта Метсола,
    Паважаныя чальцы Еўрапейскага парламента!

    Выступаючы тут у 2021-м, я казала пра тыранію як пра вірус – вірус, які не спыніцца перад межамі. І мінулыя два гады паказалі: вірус тыраніі можа мутаваць у смяротны рак вайны.

    У адрозненне ад вайны ва Украіне, нашая вайна – ціхая. Але мэта Крамля ў ёй абсалютна такая ж: ператварыць суверэнную краіну – Беларусь – у чарговую паднявольную калонію Расіі.

    І Пуцін дзейнічае не адзін. Яму дапамагае Лукашэнка, які пакрысе прадае незалежнасць нашай краіны.

    Цішком яны узмацняюць кантроль над нашай эканомікай, нашымі ўзброенымі сіламі, нашымі інстытутамі.

    Цішком яны знішчаюць нашу грамадзянскую супольнасць, палітычныя партыі, СМІ.

    Цішком яны выкараняюць нашу нацыянальную самасвядомасць. Іх мэта ясная – паглынуць і асіміляваць нас. Яны разрываюць усякую сувязь з нашымі каштоўнасцямі, гісторыяй і культурай – з усім тым, што яднае нас з Еўропай.

    Іх канчатковая мэта – не даць Беларусі стаць па-сапраўднаму еўрапейскай дэмакратычнай дзяржавай. Пакінуць у сэрцы еўрапейскага кантынента адкрытую рану, каб і Еўропа не стала адзінай, свабоднай і мірнай.

    Але нічога ў іх не выйдзе.

    Тэрор, які яны развязалі супраць беларусаў, дадаў нам яшчэ больш рашучасці. Ані тэрор, ані КДБ, ані галаварэзы-вагнераўцы не заб'юць у беларусах імкненне да свабоды.

    Адважныя беларусы дэманструюць сапраўдны гераізм і нязломную стойкасць.

    У гэтай ціхай вайны — мноства ціхіх герояў.

    Такіх, як Дзмітрый Клімаў. Калі расійскія войскі намагаліся прабіцца да Кіева з тэрыторыі Беларусі, ён пашкодзіў чыгуначнае абсталяванне, спыніўшы цягнікі з расійскімі танкамі. Што яму за гэта зрабілі супрацоўнікі КДБ? Арыштавалі і прастрэлілі калені. Дзмітрый і яшчэ 11 «чыгуначных партызанаў» былі прысуджаныя агулам да двухсот гадоў пазбаўлення волі.

    Герояў, як Марфа Рабкова, якая каардынавала валанцёрскую службу ў праваабарончай арганізацыі «Вясна» – яе ўзначальваў беларускі нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, цяпер палітвязень. Марфу прысудзілі да 15 гадоў пазбаўлення волі за дакументаванне зверстваў рэжыму.

    Шмат ціхіх герояў супраціўляюцца рэжыму на сваім узроўні. На заводах і ў міністэрствах. У школах або ў войску. Гэта педагогі, якія адмаўляюцца навучаць дзяцей «дзяржаўнай ідэалогіі». Гэта сумленныя чыноўнікі, якія дзеляцца каштоўнай інфармацыяй. Гэта бізнесмены, якія таемна аказваюць грашовую падтрымку сем'ям рэпрэсаваных.

    Гэта такія героі, як нашыя пенсіянеры. Нядаўна мне патэлефанавалі некалькі бабуль і распавялі: яны таемна збіраюцца, каб разам чытаць «экстрэмісцкія» СМІ. Яны папрасілі: 

    «Перадайце еўрапейцам, што мы не здаемся».

    Нават размаўляць на беларускай мове сёння – подзвіг. Супрацоўніка музея, які праводзіў экскурсіі на роднай мове, дапытвалі як тэрарыста.

    Сярод нашых герояў – велізарнае мноства беларусаў, якія пазбавіліся сваіх дамоў і добра аплочванай працы, з'ехалі ў эміграцыю і дапамагаюць беларускім добраахвотнікам ва Украіне.

    Гэта такія людзі, як Наталля Суслава з Гомелю, выкладчыца ўніверсітэта. Яе сын Павел «Волат» аддаў жыццё ў баях за Украіну. Яна паехала туды і стала другой маці для яго баявых пабрацімаў. Нашы адважныя ваяры змагаюцца, таму што ведаюць: змагацца за Украіну – гэта змагацца за свабоду для нас усіх.

    Сярод нашых герояў і Алесь Пушкін – вядомы мастак, які, стоячы перад паліцэйскім кардонам, узняў сцяг Еўрасаюзу. Пазней яго арыштавалі і абвінавацілі ў прапагандзе нацызму. Ён загінуў: яго забілі ў турме ў Горадні.

    Стоячы перад вамі ў гэтай залі, я хацела б ушанаваць памяць усіх маіх суайчыннікаў і суайчынніц, якія аддалі жыцці за свабоду Беларусі і Украіны.

    Гэта нашыя героі. Беларусы. Еўрапейцы.

    На жаль, вайна і рэпрэсіі сталі часткай нашага жыцця. Нядаўна мая сямігадовая дачка папрасіла даць ёй трохі грошай. Я спытала: «На што?».

    Ведаеце, што яна адказала? «Хачу купіць танк, каб вызваліць тату».

    Кожны тыдзень яна адпраўляе тату паштоўкі, але ніколі не атрымлівае адказу.

    Для мяне яна – мая маленькая гераіня.

    Яе тату, майго мужа Сяргея, асудзілі на 19 гадоў. Ужо паўгода ад яго няма ані слова.

    І ён – мой вялікі герой. Самы вялікі ў маім жыцці.

    Паважаныя спадары і спадарыні!

    Тыраны хацелі б бачыць у Еўрапейскім Саюзе картачны домік на мяжы заняпаду і разбурэння. Але для нас Еўропа – гэта дом і сям'я. І мы, беларусы, як украінцы, малдаване і іншыя свабодалюбівыя народы, таксама хочам быць часткай гэтай сям'і.

    Мы хочам вярнуцца дадому. Дадому ў Еўропу. Еўропа – частка нашай ДНК. Ад Францыска Скарыны, які прынёс у Беларусь еўрапейскае Адраджэнне, да Марка Шагала, які прывёз у Еўропу з Беларусі сваё ўнікальнае бачанне. Мы зрабілі выбар на карысць Еўропы шмат стагоддзяў таму.

    І мы пацвердзілі гэты выбар у 2020-м. Часам чую ад людзей: «Як здарылася, што ў 2020 годзе на акцыях пратэсту не было еўрапейскіх сцягоў?» Канешне былі! Наш нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг – гэта еўрапейскі сцяг. Гэтыя колеры сімвалізуюць свабоду, наша еўрапейскае мінулае і нашу еўрапейскую будучыню.

    Мы родам з Еўропы. І менавіта туды мы імкнемся.

    Месяц таму беларускія дэмакратычныя сілы прынялі сумесную дэкларацыю, якая вызначае нашу стратэгічную мэту – уступленне Беларусі ў ЕС.

    Так, на гэта спатрэбіцца час. Так, гэта будзе нялёгка. Але для нас няма шляху назад! Еўрапейскі Саюз – гэта наша канчатковая мэта.

    Калі я бачу ўсе гэтыя прыгожыя сцягі, то ўяўляю, які гонар вы адчуваеце, бачачы свой сцяг сярод іншых. І я хачу, каб калі-небудзь тут з'явіўся і наш – бел-чырвона-белы сцяг. Хачу, каб у гэтай зале сядзелі дэмакратычна абраныя прадстаўнікі Беларусі. Хачу, каб беларуская мова, якая так моцна пацярпела за стагоддзі расійскага прыгнёту, стала адной з афіцыйных моў ЕС.

    Без Беларусі і Украіны праект Еўропы не будзе завершаны.

    Еўрапейскі Саюз – ад Лісабона да Мінска – гэта кашмар для Пуціна. Але для нас – гэта рэальнасць, у якой мы імкнемся жыць.

    Далучэнне Беларусі і Украіны да ЕС прывядзе да канчатковага краху імперыі Зла. Назаўжды.

    Дарагія сябры!

    Я прыйшла да вас, у Еўрапарламент, каб папрасіць падтрымаць еўрапейскую перспектыву для Беларусі. Беларусы хочуць пачуць ад вас, што Беларусь чакаюць у ЕС. Беларусы хочуць пачуць, што нашу краіну не аддадуць Пуціну ў якасці суцяшальнага прыза.

    Заклікаю вас падтрымаць рэзалюцыю, якую ўнёс Пятрас Аўштравічус, дзе падкрэсліваюцца еўрапейскія памкненні беларусаў.

    Я прапаную вывесці адносіны паміж дэмакратычнай Беларуссю і Еўрапарламентам на новы ўзровень і інстытуцыяналізаваць наша супрацоўніцтва. Упэўненая, мы паспеем зрабіць гэта перад надыходзячымі выбарамі у ЕП.

    Сотні тысяч маіх суграмадзян былі вымушаныя ратавацца ад рэпрэсій. Сотні тысяч знайшлі прытулак у Еўрапейскім Саюзе – і цяпер робяць унёсак у дабрабыт і росквіт вашых краін.

    Я хацела б падзякаваць усім краінам, асабліва Польшчы, Літве і Латвіі, якія насуперак усяму раскрылі абдымкі і выдалі візы беларусам-уцекачам ад рэжыму, чым, мажліва, уратавалі іхнія жыцці.

    ПАРЕ падрыхтавала выдатны даклад аб міграцыйных праблемах, з якімі сутыкаюцца беларусы. Заклікаю ўсе еўрапейскія дзяржавы прытрымлівацца рэкамендацый гэтай рэзалюцыі.

    Сітуацыя будзе толькі пагаршацца. На мінулым тыдні Лукашэнка падпісаў указ, які адмаўляе ў пашпартах і правах уласнасці беларусам, якія знаходзяцца за мяжой, калі яны не вернуцца ў Беларусь. Гэта ставіць пад пагрозу прававы статус сотняў тысяч людзей. Неабходна хуткае і доўгатэрміновае рашэнне, якое дазволіць ім застацца ў бяспецы.

    Мы працуем над тым, каб пачаць выдачу нацыянальных беларускіх пашпартоў. Мы ўдзячныя ўрадам краін і экспертам Еўрапейскай камісіі за кансультацыі па гэтым пытанні.  Дакумент пацвердзіць беларускае грамадзянства і паслужыць праязным дакументам для беларусаў у выгнанні. Мы вывучаем урокі краін Балтыі, якія выдавалі свае пашпарты ў выгнанні падчас савецкай акупацыі. Вельмі хутка мы прыйдзем ва ўрады вашых краін з просьбай прызнаць нашыя новыя пашпарты.

    Нельга спыняць ціск на дыктатараў. У санкцыях не павінна быць выключэнняў і шчылінаў. Мы змагаемся супраць прафесійных бандытаў, якія здзекуюцца над дзейнымі правіламі і інстытутамі.

    І, нарэшце, дапамажыце нам прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці. Ён забіваў апанентаў з дапамогаю «эскадронаў смерці». Ён катаваў мірных дэманстрантаў. Ён выкрадаў украінскіх дзяцей. Ён развязаў «ціхую вайну» супраць беларусаў і спрыяе вайне супраць Украіны. У яго доўгі паслужны спіс злачынстваў.

    Ён не заслугоўвае месца на міжнародных форумах. Ён не заслугоўвае нічога, акрамя квітка ў адзін канец да Гаагі.

    І я не магу зразумець, як некаторыя людзі яшчэ асмельваюцца называць яго прэзідэнтам?!

    Давайце патлумачым: ён махляр!

    Беларусы ненавідзяць хлусню. Мы ненавідзім дыктатуру.

    Мы, беларусы, любім свабоду. Мы – Еўропа!

    Паважаныя чальцы Еўрапейскага парламента!

    Дзякую кожнаму і кожнай з вас і вашым палітычным групам за падтрымку і салідарнасць. Ведаю і адчуваю, як рашуча вы падтрымліваеце нашу барацьбу.

    Асабліва хачу падзякаваць маёй блізкай сяброўцы Рабэрце. Ваша лідарства і адданасць свабоднай Беларусі натхняюць мяне і служаць прыкладам для іншых.

    Вялікі еўрапеец Вацлаў Гавел аднойчы сказаў: «Веру, што будучыня Беларусі цесна звязана з будучыняй Еўропы, а будучыня Еўропы цесна звязана з будучыняй дэмакратычнай і незалежнай Беларусі. Веру, што аднойчы мы зможам прывітаць Беларусь у Еўрапейскім Саюзе».

    Давайце ўвасобім гэтыя словы ў жыццё.

    Жыве Беларусь! Слава Украіне!
    Жыве Еўропа!

    Апошнія навіны