У Вашынгтоне працягваецца Стратэгічны дыялог паміж урадам ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Дыялог адкрылі намесніца дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд і Святлана Ціханоўская.
У першы дзень Стратэгічнага дыялогу абмяркоўвалі тры асноўныя тэмы: умацаванне беларускай незалежнасці і суверэнітэту, падтрымку рэпрэсаваных і вызваленне палітвязняў, а таксама прыцягненне памагатых рэжыму да адказнасці і санкцыі.
Тэмы абмеркаванняў падчас першага дня Стратэгічнага дыялогу «Беларусь – ЗША»:
- Прызначэнне спецпасланніка па Беларусі.
- Стварэнне рабочай групы па пытанню вызвалення палітвязняў і стварэнне фонду падтрымкі рэпрэсаваных.
- Непрызнанне так званых «выбараў» 2024 году і падтрымка выбараў у Каардынацыйную Раду.
- Падтрымка еўрапейскай перспектывы для Беларусі.
- Умацаванне і прызнанне структураў дэмакратычных сілаў Беларусі.
- Сінхранізацыя санкцыяў, закрыццё шчылінаў у санкцыях, арышт маёмасці рэжыму за мяжой.
- Індывідуальныя санкцыі супраць суддзяў, пракурораў, прапагандыстаў і іншых памагатых рэжыму.
- Працяг мандатаў спецдакладчыкаў па Беларусі ў ААН.
- Трэнінгі, стажыроўкі, стыпендыі для кадравага рэзерву новай Беларусі.
- Праграмы юрыдычнай і псіхалагічнай дапамогі, рэабілітацыя былых палітвязняў.
- Падтрымка ў падрыхтоўцы рэформаў.
- Распрацоўка праграмы эканамічнага аднаўлення Беларусі пасля вайны і дэмакратычнага транзіту.
- Адкрыццё справаў супраць памагатых рэжыму ў межах універсальнай юрысдыкцыі, а таксама міжнародных судоў. Збор доказаў злачынстваў.
- Публікацыя інфармацыі аб актывах рэжыму за мяжой, арышт маёмасці і актываў памагатых рэжыму.
- Правядзенне міжнароднай канферэнцыі па пытаннях прыцягнення рэжыму да адказнасці і пераходнай справядлівасці.
- Падтрымка беларусаў у ЗША, працяг тэрміну дзеяння амерыканскіх візаў (ад трох і больш гадоў), выдача статусу часовай абароны.