Самым першым палітвязнем у нашай краіне стала Канстытуцыя, якая ўжо 25 год знаходзіцца ў ізаляцыі ад народа. Замест Асноўнага закона беларусам прапануюць жыць паводле дэкрэтаў, пастановаў і іншых цынічных законаў. У 2020 годзе беларусы далі зразумець, што нас гэта больш не задавальняе.
Цяпер рэжым спрабуе абмежаваць правы людзей, падсоўваючы дакумент, які распрацоўваўся ўпотай ад народа. У ім Лукашэнка спрабуе прапісаць сабе імунітэт ад крымінальнага пераследу, паўнамоцтвы пазбаўляць беларусаў грамадзянства і прызначыць новае Палітбюро ў асобе нікім не абіранага УНС. На «рэферэндуме» па прыняцці гэтых правак ад людзей патрабуецца толькі сляпое падпарадкаванне, саўдзел ці як мінімум – апатыя і маўклівая згода.
Гэта падман, у які ніхто не паверыць. Выбіраць паміж Лукашэнкам і Лукашэнкам немагчыма. Мы і не станем яго выбіраць, як не абралі ў мінулым годзе.
На «рэферэндуме» можна паставіць крыж у прамым сэнсе – перакрэсліць прапанаваныя варыянты ў бюлетэні. Нават такое, здавалася б, нязначнае дзеянне можа мець вялізную сілу, калі яго зробяць сапраўдныя гаспадары сваёй краіны – беларусы. Гэта не прывядзе нас да неадкладнай перамогі, але стане важным крокам да яе, прапусціць які мы не можам.
Офіс Святланы Ціханоўскай заклікае беларусаў зрабіць менавіта так – і паставіць крыжыкі насупраць усіх прапанаваных варыянтаў. Заходзьце на сайт адзінай стратэгіі дэмсілаў і абноўленую платформу «Голас», удзельнічайце ў апытанні ў Тэлеграме і Вайберы, а пасля «рэферэндуму» – пацвердзіце сваё рашэнне там.