• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Прадстаўніца ў Чэхіі Крысціна Шыянок выступіла на адкрыцці выставы ў гонар 100-годдзя пераезду Рады БНР у Прагу

    08 кастрычніка, 2023

    У Славянскай бібліятэцы ў Празе адкрылася выстава «Імем беларускага народу…», прысвечаная 100-годдзю пераезду Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з Коўна ў Прагу. На выставе экспанаваліся дзясяткі ўнікальных дакументаў і мемарыяльных рэчаў, звязаных з дзейнасцю Рады БНР, а таксама асобных дзеячаў беларускай дыяспары ў 1920–30-я гады. На адкрыцці прысутнічаў намеснік міністра замежных спраў Чэхіі Ян Мар'ян.

    Прадстаўніца Офіса Святланы Ціханоўскай у Чэшскай Рэспубліцы Крысціна Шыянок выступіла на імпрэзе з прамовай. Яна адзначыла, што адкрыццё выставы супала з днём народзінаў Вацлава Гавэла, і працытавала яго словы: «Дзе будзе знаходзіцца Беларусь і якую будзе мець палітычную сістэму, залежыць найперш ад грамадзянаў Беларусі. Асабіста я лічу, што Беларусь як ментальна, гэтак і геаграфічна належыць да сям’і еўрапейскіх дэмакратый, і быў бы рады раней ці пазней сустрэцца з беларускімі сябрамі на пляцоўцы Еўрапейскага саюзу».

    Крысціна Шыянок падкрэсліла, што бягучая сітуацыя ў Беларусі ўнікальная: «Мы маем Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, найстарэйшы за ўсе часы ўрад у выгнанні, які ад 1997 году ўзначальвае Івонка Сурвіла; адначасна з 2020-га маем абраную прэзідэнтку Святлану Ціханоўскую, якая была выдаленая з Беларусі, аднак здолела сфармаваць Аб’яднаны Пераходны Кабінет, які дэ-факта дзейнічае ў выгнанні; і да таго ж маем нелегітымнага дыктатара, які сілай захаваў уладу і зацягнуў нашу Радзіму ў расейскую агрэсію ва Украіне».

    Фота: Národni knihovna ČR

    Апошнія навіны