«Паважаны старшыня Макалістэр,
Паважаныя чальцы Еўрапейскага парламента,
Дарагія сябры,
На мінулым тыдні адбылася знакавая падзея. Наш добры таварыш, праваабаронца і асабісты герой для мяне і многіх – Алесь Бяляцкі – атрымаў Нобелеўскую прэмію міру. Калі ласка, давайце паапладуем яму!
Алесь даведаўся пра гэтую прэмію, знаходзячыся ў турэмнай камеры. Два гады таму ён выступаў тут, у Еўрапейскім парламенце, атрымліваючы прэмію Сахарава. У кожнай сваёй прамове, у кожнай заяве ён паўтараў гэтыя словы: «Не забывайцеся пра Беларусь! Не забывайцеся пра нашых палітвязняў!».
З таго часу колькасць палітычных зняволеных павялічылася ў 10 разоў. Сёння, калі я выступаю перад вамі, у нечалавечых умовах утрымліваюцца 1350 палітвязняў, і гэтая колькасць расце з кожным днём. Алесь – адзін з іх.
З таго часу ў Беларусі было затрымана больш за 50 тысячаў чалавек. Шмат каго катавалі ў КДБ. Многія памерлі. Сотні тысячаў былі вымушаныя ўцякаць. Спачатку яны ўцяклі ва Украіну. Потым яны ўцяклі ад вайны.
За апошнія два гады на нашых вачах разгарнулася вялізная нацыянальная трагедыя. Палітычны крызіс у Беларусі не быў вырашаны – ён абвастрыўся і распаўсюдзіўся на ўвесь рэгіён.
З-за гэтага ва Украіне пачалася разбуральная вайна, у якой і дагэтуль гінуць тысячы нявінных украінцаў.
Алесь Бяляцкі быў сярод тых, хто даўно папярэджваў беларусаў пра расійскі імперыялізм. У сярэдзіне дзевяностых Алесь арганізаваў першыя ў гісторыі пратэсты супраць гвалтоўнай інтэграцыі з Расіяй.
Алесь лічыў, што Беларусь не выжыве ў лапах гэтай цёмнай імперыі. Вельмі шкада, што людзі тады не паслухалі Алеся. Замест гэтага яны купіліся на напускную настальгію дыктатара-папуліста і яго пустыя фантазіі пра савецкае мінулае.
І зараз мы плацім самую вялікую цану за нашую недальнабачнасць. На карту пастаўленае само існаванне Беларусі. Лукашэнка – пры падтрымцы Пуціна – працягвае гандляваць нашым суверэнітэтам, сціраць нашую нацыянальную ідэнтычнасць, разбураць грамадзянскую супольнасць і знішчаць любыя сувязі паміж Беларуссю і Еўропай.
Да гэтага часу некаторыя еўрапейцы вераць, што менавіта Лукашэнка абараняе незалежнасць Беларусі. Але дзень за днём і год за годам менавіта Лукашэнка і ягоныя набліжаныя прадавалі душу нашага народа. І зараз ён на шляху да таго, каб канчаткова знішчыць нашую любімую краіну.
Калі дыктатары адчуваюць беспакаранасць, яны падвышаюць стаўкі. Цяпер Лукашэнка спрабуе ўзаконіць сталае знаходжанне расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Мы павінны назваць гэта сваім імем: гэта а-ку-па-цы-я!
Лукашэнка зганьбіў усіх нас, зрабіўшы Беларусь пускавой пляцоўкай для расійскіх ракетаў, якія працягваюць забіваць тысячы нявінных людзей ва Украіне.
Зараз ён хоча ператварыць Беларусь у вялізную ваенную базу, каб тэрарызаваць Украіну, Польшчу, Літву, увесь Еўрапейскі Саюз і НАТА. І ўжо ідуць размовы пра тое, каб размясціць у Беларусь ядзерную зброю. Гэтага не павінна здарыцца.
Нашая пазіцыя зразумелая.
- Першае. Беларусь павінна спыніць любы ўдзел у кровапралітнай вайне Расіі.
- Другое. Усе расійскія войскі павінны безумоўна пакінуць Беларусь.
- Трэцяе. Усе, хто мае дачыненне да расійскіх нападаў на Украіну з Беларусі, павінны быць прыцягнутыя да адказнасці.
Дарагія сябры,
Ёсць яшчэ нешта, што я даведалася ад Алеся Бяляцкага: калі адбываюцца змены, яны адбываюцца хутка.
Таму перад намі стаяць дзве задачы:
- Першая – зрабіць так, каб гэтыя змены адбыліся як мага хутчэй.
- І другая – калі яны адбудуцца, мы павінны быць гатовыя.
Мы не павінны даваць Лукашэнку часу на перадышку. Мы павінны ўпарта працягваць ціск на ягоны рэжым.
Абмяркоўваючы ўвядзенне санкцый, не забывайцеся пра Лукашэнку: ён таксама ваенны злачынец, і ў яго вялікі паслужны спіс жудасных парушэнняў правоў чалавека. Мы не павінны пакінуць для ягонага рэжыма ні шчыліны для абыходу санкцыяў.
Мы мусім захоўваць адзінства. Дыктатары будуць спрабаваць убіць паміж намі клін. Лукашэнка можа разыграць сваю звычайную карту, абмяняўшы вызваленне палітычных зняволеных на зняцце санкцый. Не купляйцеся на гэта. Ён атрымае грошы, а потым пачне зноў арыштоўваць нявінных людзей.
Усе бакі павінны цвёрда прытрымлівацца санкцый.
Нам трэба прымусіць Крэмль вывесці ўсе расійскія войскі. З Беларусі. З Украіны. Лукашэнка паводзіць сябе як марыянетка Крамля, але ён не прадстаўляе народ. Беларусь – не Расія.
Сёння я прашу вас адмовіцца ад супрацоўніцтва з нелегітымным рэжымам Лукашэнкі, датычным да шматлікіх смерцяў, і разам з намі пачаць працаваць над пабудовай дэмакратычнай і свабоднай Беларусі. Прызнаць Аб'яднаны Пераходны Кабінет органам, які сапраўды прадстаўляе народ. Мы гатовыя да супрацоўніцтва і рэалізацыі сумесных праектаў у межах Усходняга партнёрства і іншых праграмаў.
Мы ўжо наладзілі такое супрацоўніцтва з Радай Еўропы. Упершыню ў сваёй гісторыі Рада Еўропы будзе працаваць не з афіцыйным урадам, а з нашым дэмакратычным рухам. Мы просім Еўрапейскі парламент зрабіць на беларускім напрамку тое ж самае.
У адным са сваіх апошніх інтэрв'ю Алесь Бяляцкі, наш нядаўні лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, кажучы пра свабоду, сказаў: «Гэта наш абавязак, каб пра нашую будучыню, пра тое, як адрадзіць нашую краіну, як зрабіць нашае жыццё бяспечным і квітнеючым, думалі не толькі мастакі ці пісьменнікі, але і кожны беларус».
Тут нам і патрэбная вашая дапамога, паважаныя еўрапейскія парламентарыі. Дапамажыце нам паказаць, што Беларусі радыя ў Еўропе. Дапамажыце нам распрацаваць новую дэмакратычную канстытуцыю і падрыхтаваць рэформы і новыя ініцыятывы. Дайце беларускім студэнтам і маладым спецыялістам стажыроўкі і стыпендыі. Дапамажыце нам сфармаваць нашую будучыню.
Дарагія сябры,
Я лічу, што свабодная Беларусь будзе наймацнейшай санкцыяй супраць пуцінскага тэрору. А найлепшай апорай для свабоднай Украіны будзе мяжа тысяча кіламетраў са свабоднай Беларуссю, якая не з'яўляецца расійскай калоніяй.
Я ўпэўненая, што шлях да міру ў Еўропе ляжыць праз свабоду ў Беларусі. Я ўпэўненая, што шлях да міру ў Еўропе ляжыць праз перамогу ва Украіне. Я ведаю, што гэты шлях цяжкі і балючы, але ён слушны. Давайце пройдзем яго разам. Калі мы ідзем разам, мы і ёсць Еўропа.
Дзякуй!»