Кніга Максіма Знака «Зэкамерон» – зборнік апавяданняў, напісаных Максімам Знакам у зняволенні. Ужо выйшла ў шэрагу краінаў Еўропы на беларускай, рускай, нямецкай, выходзіць на англійскай і шведскай.
Акрамя Святланы Ціханоўскай, у прэзентацыі кнігі бралі ўдзел паплечнік Максіма Знака і былы палітвязень Ілля Салей, літаратуразнаўца Ірына Герасімовіч, палітолаг Яўген Крыжаноўскі, былая амбасадарка Аўстрыі ў Беларусі Алаіза Вергетэр.
У сваім выступе Святлана Ціханоўская адзначыла: «У сваёй кнізе Максім Знак не называе імёнаў. Калі задумацца, то ягоныя героі – гэта мы ўсе, беларусы, якія так ці інакш, самі ці праз сваіх рэпрэсаваных блізкіх, трапілі ў закладнікі гэтай сістэмы. Любы з нас мог бы апынуцца на месцы палітзняволеных».
Яна распавяла пра сітуацыю з палітвязнямі, заклікала падтрымліваць сем’і палітвязняў фінансава, а таксама даносіць свету праўду пра Беларусь: «Давайце падтрымліваць іх і іх сем’і грашыма, пісаць ім лісты салідарнасці – ад рукі ці праз інтэрнет, праз вэб-старонку той жа Вясны ці ініцыятывы Дысідэнт.бай. Давайце нагадваць усяму свету пра тое, што адбываецца ў Беларусі. І што без свабоднай Беларусі не будзе міру і бяспекі ў Еўропе».
Ціханоўская падзякавала прысутным прадстаўнікам з Аўстрыі, Літвы і Люксембургу, якія дапамагалі арганізаваць прэзентацыю кнігі і ўзялі ў ёй удзел.