Удзел у сустрэчы бралі галоўны лідар Лейбарысцкай партыі Кір Стармер (якога таксама называюць прэм’ер-міністрам чакання, бо з вялікай верагоднасцю ён можа заняць пазіцыю прэм’ера), яго намесніца Анджэла Рэйнер, а таксама ценявы міністр замежных справаў Дэвід Лэмі.
Лідары Лейбарысцкай партыі ў брытанскім парламенце выказалі падтрымку беларускаму народу і Святлане Ціханоўскай.
Размова ішла пра падтрымку беларускіх прафсаюзаў, прафсаюзных дзеячаў, якія зараз знаходзяцца за кратамі, пра супольныя дзеянні ў Міжнароднай арганізацыі працы, каб прыцягнуць да адказнасці рэжым за парушэнні правоў працоўных, а таксама за рэпрэсіі супраць беларусаў.
Таксама ўзнялі пытанне міжнароднай дапамогі беларускаму дэмакратычнаму руху, а таксама санкцыяў супраць рэжымных чыноўнікаў, суддзяў, пракурораў, прапагандыстаў – усіх тых, хто падтрымлівае рэжым.
Святлана Ціханоўская падзякавала Лейбарысцкай партыі за салідарнасць, запрашэнне на кангрэсе партыі ўвосень мінулага года, а таксама за ўсіх тых дэпутатаў-лейбарыстаў, якія ўзялі патранаж над беларускімі палітвязнямі (зараз больш за 20 палітвязняў маюць сваіх патронаў у брытанскім парламенце, большасць з іх лейбарысты), а таксама шмат лейбарыстаў у групе сяброў Беларусі ў брытанскім парламенце.
Кір Стармер адзначыў, што падтрымка Беларусі ў парламенце двухпартыйная – усе групы падтрымліваюць аднолькава. Таксама ён адзначыў, што будзе размаўляць пра падтрымку Беларусі з міністрам замежных справаў, з якім сустракалася Святлана Ціханоўская раней. Таксама будуць прапаноўваць арганізаваць слуханні па Беларусі ў брытанскім Парламенце і зробяць Беларусь адной з тэмаў сваёй перадвыбарчай кампаніі на наступныя выбары, якія павінны адбыцца хутчэй за ўсё ў наступным годзе.
Гаварылі таксама пра міжпарламенцкую супрацу, пра апошнія дзеянні партызанаў, і пра чыгуначных партызанаў, якія нядаўна атрымалі вялікія прысуды.