Чатыры нямецкія адвакаты ад імя дзесяці беларусаў звярнуліся ў Федэральную пракуратуру Германіі і заявілі пра здзяйсненне Аляксандрам Лукашэнкам злачынстваў супраць чалавечнасці. Яны падкрэслілі, што ў Беларусі адсутнічае правасуддзе – дагэтуль не заведзеная ні адна крымінальная справа на сілавікоў за іх злачынствы. Таму адвакаты звярнуліся ў нямецкую пракуратуру.
Заканадаўства Германіі дазваляе прыцягваць да адказнасці па прынцыпе ўніверсальнай юрысдыкцыі за злачынствы, забароненыя міжнародным правам і здзейсненыя ў іншых дзяржавах. Нядаўна адказны за злачынствы супраць чалавечнасці ў Сірыі супрацоўнік сакрэтнай службы сірыйскага рэжыму паўстаў перад судом у Германіі і быў асуджаны на 4,5 гады пазбаўлення волі.
Раней літоўская генпракуратура распачала крымінальную справу па ўніверсальнай юрысдыкцыі па факце збіцця Максіма Харошына. У Чэхіі і Польшчы падрыхтаваныя да падачы больш за 10 заяў. У Літве ўжо падалі дакументы 17 чалавек і рыхтуюцца да падачы яшчэ 20 заяў. Калі вы сталі ахвярай правапарушэння – бот @bysol_jurisdiction_bot дапаможа вам звярнуцца па абарону сваіх правоў у межах універсальнай юрысдыкцыі.
Для дакументацыі правапарушэнняў ужо запушчаны механізм ААН па расследаванні і дакументаванні злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі і платформа Dignity для збору доказаў парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.
Святлана Ціханоўская: «Я дзякую нашым міжнародным партнёрам за дапамогу беларусам у адстойванні сваіх правоў. Беспакаранасці ў Беларусі ўжо ніколі не будзе, і сённяшняя навіна – відавочны таму прыклад. Злачынствы рэжыму не ўдасца схаваць у мінулым – іх чакае сумленнае правасуддзе ў цяперашнім і будучыні».