Міністарка Мэлані Жалі праінфармавала Святлану Ціханоўскую пра апошнія рашэнні Канады па пашырэнні санкцыяў супраць рэжыму і пра падтрымку грамадзянскай супольнасці. Міністарка падкрэсліла, што Канада працягвае прымаць беларускіх уцекачоў.
Міністарка Жалі паведаміла, што Канада працягвае надаваць дыпламатычную дапамогу дэмакратычным сілам. Жанэт Сотнер, якая раней адказвала за Беларусь у амбасадзе ў Варшаве, цяпер прызначаная амбасадаркай у Літве.
Міністарка Жалі паведаміла, што Канада гатовая рэгулярна пашыраць санкцыйныя спісы супраць асобаў і прадпрыемстваў, а таксама замарозіць актывы і маёмасць рэжыму, калі такая будзе выяўленая на тэрыторыі Канады. Разам з тым Канада працягвае падтрымліваць незалежныя медыя і грамадзянскую супольнасць.
Абмеркавалі таксама пытанне пастаўкі калійных угнаенняў. Канада гатовая забяспечыць угнаеннямі тыя краіны, якія залежалі ад паставак з Беларусі да ўвядзення санкцыяў.
Жалі і Ціханоўская абмеркавалі магчымасць узняць пытанне Беларусі падчас Генасамблеі ААН і мерапрыемстваў Вялікай Сямёркі, і падтрымку беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.
Асобна гаварылі пра прыцягненне рэжыму да адказнасці праз міжнародныя суды – як за рэпрэсіі супраць беларусаў, так і за саўдзел у вайне. Ціханоўская распавяла пра праект новага беларускага пашпарта і папрасіла Канаду падтрымаць ініцыятыву.
Жалі запрасіла Ціханоўскую наведаць Канаду пры найбліжэйшай магчымасці.
«Беларусь была і застаецца ў прыярытэтах Канады. Канада паказвае цудоўны прыклад паслядоўнай і рашучай палітыкі па Беларусі, падтрымлівае нашыя ініцыятывы ў ААН і АБСЕ, адрознівае рэжым і беларусаў. У нас ёсць канкрэтныя дамоўленасці пра наступныя крокі і мы будзем па іх працаваць», – заявіла Ціханоўская.