Падчас працоўнага візіту ў Ісландыю Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у мерапрыемствах сесіі Паўночнай рады, дзе сустрэлася з прэм’ерамі і міністрамі замежных справаў паўночных краінаў, а таксама прысутнічала на выступе прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
Падчас правядзення сесіі Паўночнай рады, што адбываецца ў Рэйк’явіку, беларуская лідарка сустрэлася з кіраўнікамі Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Даніі і Ісландыі. Ціханоўская заклікала іх стаць лідарамі ў прасоўванні беларускага парадку дня ў міжнародных структурах і прыкласці максімальныя намаганні па вызваленні беларускіх палітвязняў. Таксама яна прапанавала палітыкам паспрыяць беларусам у вырашэнні візавых пытанняў і легалізацыі за мяжой, падзякавала за падтрымку праваабаронцаў, рэпрэсаваных беларусаў, незалежных медыя, а таксама за стыпендыі для студэнтаў.
Падчас сесіі Паўночнай рады Ціханоўская дала інтэрв’ю ісландскім і міжнародным СМІ, а таксама правяла прэс-канферэнцыю разам з міністрамі замежных справаў.