Згодна са звесткамі Белстата ў Беларусі зменшылася колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў на 15 тысяч чалавек. Летась колькасць ІП скарацілася на рэкордныя 5,9%.
⭕ Чаму так адбылося? Дзве асноўныя прычыны:
1. Палітычная. Людзі, якія самі зарабляюць, менш залежаць ад дзяржавы і менш схільныя верыць у міф пра тое, што без Лукашэнкі яны знікнуць. Такім чынам улада бачыць у прадпрымальніках патэнцыйна нелаяльную аўдыторыю.
2. Эканамічная прычына складаецца ў падатках. ІП плаціць менш падаткаў і часам можа выкарыстоўвацца для падатковай аптымізацыі, калі чалавек працуе ў вялікай кампаніі, але афармляе ІП, каб плаціць менш падаткаў. Але каб спыніць схаваны наём можна ўзмацніць кантроль за тым, каб ІП атрымліваў сродкі ад некалькіх крыніцаў, а не закрываць усіх пад прымусам.
⭕ Што будзе, калі ІП не застанецца?
ІП выконвае тры ключавыя функцыі:
1. Ён служыць «пясочніцай» для бізнесу, дзе людзі могуць бяспечна правяраць свае ідэі і здольнасці да прадпрымальніцтва, што дазваляе ў будучыні вырасціць сярэдні і буйны бізнес.
2. Закрывае спецыфічныя, малапрыбытковыя нішы, недаступныя буйным кампаніям.
3. Стварае гнуткія працоўныя месцы для тых, хто не можа ці не хоча працаваць па найму ў стандартных фарматах.
Калі ІП не застанецца, то апісаныя функцыі не будуць выконвацца. Перш за ўсё мы гэта ўбачым, калі ў вёсках не застанецца крамаў, а на раёне зачыніцца невялікі манікюрны салон. Гэта зробіць жыццё менш зручным. У доўгатэрміновай перспектыве беларусы недалічацца буйных кампаніяў, у якіх маглі б працаваць, а дзяржава — атрымліваць з іх вялікія падаткі.
⭕ Якое стаўленне да індывідуальных прадпрымальнікаў у дэмакратычнай дзяржаве?
Такая дзяржава будзе матываваць людзей паспрабаваць сябе ў бізнесе — гэта значыць ствараць умовы, каб адкрыць ІП і працаваць было яшчэ прасцей. Пры гэтым не варта забывацца пра магчымыя злоўжыванні, напрыклад, схаванае найманне. Для гэтага трэба будзе паназіраць за рэальным паводзінамі кампаній і адрэгуляваць адпаведным чынам.