• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская падтрымала абвінавачаных студэнтаў і выкладчыцу: «Яны не будуць сядзець гэтыя тэрміны і ведаюць гэта»

    16 ліпеня, 2021

    Ціханоўская: «16 ліпеня аб 11:30 у Мінску па адрасе вул. Скарыны, 6б вынесуць прысуд па «справе студэнтаў». Пракурор запатрабаваў абвінавачаным па 2,5 гады, але гэтыя лікі нічога не значаць. Яны не будуць сядзець гэтыя тэрміны і ведаюць гэта.

    Гэта ведае Яна Арабейка, якая ў судзе сказала: «Маім апошнім словам будзе свабода».

    Гэта ведае выкладчыца Вольга Філатчанкава, якая ў сваім апошнім слове павіншавала сваю сямігадовую дачку з надыходзячым днём нараджэння і сказала: «Я люблю цябе больш за ўсіх ў свеце, і я абавязкова вярнуся».

    Гэта ведае Алана Гебрэмарыям, якая лічыць свабоду адной з галоўных каштоўнасцяў. Яна казала, што калі ёй давядзецца ахвяраваць сабой дзеля будучыні Беларусі – яна зробіць гэта.

    Гэта ведае Ксенія Сырамалот. «Калі вы лічыце, што злачынна быць чалавекам, я зразумею любы прысуд», – сказала яна ў сваім апошнім слове.

    Гэта ведае Кася Будзько, якая нават пасля васьмі месяцаў за кратамі любіць Беларусь з усімі яе плюсамі і мінусамі – так яна сказала суду.

    Гэта ведае Глеб Фіцнер, які ў будучыні можа стаць новым міністрам эканомікі – так пра яго кажуць сябры.

    Гэта ведае Ілля Трахтэнберг, які на ўсіх пасяджэннях патрабаваў ад пракурора не перабіваць яго: «Я застануся вольным чалавекам, таму што здольны самастойна думаць і прымаць рашэнні».

    Гэта ведае Ягор Канецкі, пра якога сябры кажуць: «Ён захоўвае сілу духу і здаровы розум нават у цяжкай жыццёвай сітуацыі», – нават у такой, у якой ён апынуўся.

    Гэта ведае Вікторыя Гранкоўская: «Нас судзяць за тое, што мы не пабаяліся адкрыта выказваць сваё меркаванне і адстойваць свой пункт гледжання».

    Гэта ведае Марыя Каленік, якая востра ўспрымае несправядлівасць і ніколі не маўчыць – ні ў «судзе», ні на акцыях пратэсту.

    Гэта ведае Таццяна Якельчык: «Усе апісаныя і напісаныя ў абвінавачванні дзеянні я здзяйсняла згодна са сваім сумленнем, неабыякавас, спачуваннем. І гэтыя ўчынкі не злачынныя».

    І гэта ведае Анастасія Булыбенка, якая ў апошнім слове сказала: «Я ведаю, што ўсё зрабіла правільна. Мне балюча, але ўжо не страшна». Гэта сказала 19-гадовая дзяўчына, але так цяпер сябе адчуваюць усе беларусы.

    Падтрымайце гэтых маладзёнаў. Напішыце ім лісты. Падзякуйце ім за смеласць і за тое, як нам пашанцавала, што ў нас такія героі».

    Відэазварот вы можаце паглядзець тут.

    Апошнія навіны