Фонд Спартовай Салідарнасці абвясціў пра правядзенне Марафона Свабоды. З 7 па 16 жніўня Фонд заклікае беларусаў прабегчы сімвалічныя 2334 метры. Кожны з дзесяці дзён анлайн-марафона прысвечаны асобнай катэгорыі смелых беларусаў, якія не пабаяліся выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, нягледзячы на рэпрэсіі і ціск з боку рэжыму: медыкі, журналісты, студэнты, спартоўцы і іншыя.
Для ўдзелу ў анлайн-забегу трэба зарэгістравацца на сайце праекту marathonforfreedom.org і выбраць пакет марафонца: ад удзелу з бясплатнай рэгістрацыяй да платных варыянтаў з эксклюзіўнымі падарункамі. Атрыманыя сродкі пойдуць на падтрымку дабрачынных ініцыятыў, дапамогу пацярпелым, аплату штрафаў і адвакатаў.
Святлана Ціханоўская: «Спартоўцы сталі адной з апор пратэсту. Яны выходзілі на пратэсты, звярталі ўвагу на сітуацыю ў Беларусі ў сусветных СМІ, праводзілі акцыі ў падтрымку беларусаў.
Прама зараз за кратамі знаходзяцца футбалісты Аляксандр Івулін і Расціслаў Шавель, баец Аляксей Кудзін і іншыя спартоўцы, чыя «віна» – толькі ў іх шчырасці і смеласці. І раз гэтыя людзі не здаюцца ў турме, мы павінны змагацца за Аляксея, заўзець за Аляксандра, стаяць на абароне Расціслава і тысяч нявінных зняволеных. Пішыце ім лісты, падтрымлівайце праз фонды салідарнасці, дапамагайце ўсім, чым можаце. Наш шлях да свабоды стаў сапраўдным марафонам, і мы, беларусы, павінны навучыцца дапамагаць адно аднаму – каб прайсці яго разам».