На мінулым тыдні выйшаў указ Лукашэнкі, з-за якога беларусы страцілі магчымасць абмяняць пашпарт у дыпламатычных прадстаўніцтвах. Дзяржава адмовілася выконваць свае абавязкі і забяспечваць юрыдычнай падтрымкай грамадзян. І ў першую чаргу гэты ўказ пакідае без абароны дзясяткі тысяч людзей, што з'ехалі з краіны з-за рэпрэсіяў.
Што зараз рабіць беларусам, у якіх сканчаецца тэрмін дзеяння пашпарту ці ён ужо пратэрмінаваны? У некаторых замежных краінах існуе магчымасць атрымаць пашпарт замежніка. Народныя Амбасады Беларусі разам з Офісам Святланы Ціханоўскай і Аб'яднаным Пераходным Кабінетам зрабілі сайт pashpart.org, дзе размясцілі шмат карыснай інфармацыі – ад спіса краінаў, дзе можна атрымаць пашпарт замежніка, да дэтальнай інструкцыі аб тым, як гэта правільна зрабіць.
На сайт будзе дадавацца актуальная інфармацыя датычна розных краінаў. Калі ў вас ёсць пытанні, удакладненні ці дапаўненні – дасылайце іх на [email protected].