Беларуская дыяспара за мяжой, рэлаканты і ўсе, хто выехаў з краіны да або пасля 2020 года, – гэта голас Беларусі па ўсім свеце. Беларусы не даюць забыцца на злачынствы рэжыму і не дазваляюць рэжыму «перавярнуць старонку», нягледзячы на ўсе ягоныя намаганні. У адплату ён выкрасліў беларусаў з выбарчых спісаў за мяжой, каб спрасціць фальсіфікацыі. Нягледзячы на гэта, людзі па-за Беларуссю змогуць выказаць свой пратэст.
Што вы можаце зрабіць?
- Расказвайце анлайн і афлайн пра тое, што адбываецца ў Беларусі. На жаль, не ўсе ведаюць, што такое «рэферэндум».
- 25-27 лютага далучайцеся да акцый беларусаў у вашым горадзе. Расказвайце ўсім вакол пра тое, як рэжым узмацняе крызіс і пагражае суверэнітэту Беларусі і як гэта ўплывае на бяспеку ўсяго рэгіёна, падтрымлівайце адзіную стратэгію дэмсілаў па «рэферэндуме».
- 27 лютага прыміце ўдзел у акцыях каля амбасадаў Беларусі. Прыходзьце са сцягамі ці плакатамі – вы можаце адзначыць на іх два крыжыкі, якія нагадваюць пра тое, што ў бюлетэнях трэба выкрасліць усе магчымыя варыянты.
- Усе беларусы незалежна ад іх месцазнаходжання могуць прайсці апытанне на платформе «Голас». Беларусам замежжа трэба будзе выбраць опцыю «не пайду, бо буду за мяжой», а ў апошні тыдзень галасавання можна пазначыць, як бы вы прагаласавалі, калі б участкі былі адкрытыя. Так вашае меркаванне будзе надзейна і бяспечна зафіксаванае анлайн.
Беларусы замежжа, памятайце: сваімі дзеяннямі вы не толькі выкрываеце маніпуляцыю рэжыму, але і падтрымліваеце і натхняеце беларусаў унутры краіны.