«Сёння а палове восьмай раніцы сілавікі прыйшлі ў кватэру, дзе спалі жонка палітвязня Ігара Лосіка Дар'я і іх дачка Паўліна. Цяпер у трохгадовай дзяўчынкі ў турме і тата, і мама.
Дар'я – чалавек з неверагоднай вытрымкай і сілай волі. Кожны дзень яна паказвала Ігару і ўсім нам, як выглядае сапраўднае каханне. Кожны дзень яна дэманстравала такую мужнасць, якая і не снілася тым, хто сёння затрымліваў яе. Я знаёмая з Дашай і захапляюся ёю. У якіх бы ўмовах яна ні знаходзілася – упэўненая, зараз канваірам і наглядчыкам даводзіцца адводзіць вочы перад поглядам гэтай ганарлівай, клапатлівай і вельмі смелай беларускі.
Надыдзе дзень, калі Дар'я і Ігар абое выйдуць з турмаў і зноў апынуцца дома разам са сваёй дачкой. А зараз у нашых сілах дапамагаць – Дашы, Ігару, іх блізкім – як і блізкім тысяч зняволеных па палітычных матывах. Усе гэтыя два гады падтрымка не становіцца менш неабходнай! Дапамагайце асабіста і праз фонды салідарнасці. Абавязкова памятайце пра людзей, якія сёння не вернуцца дадому да сваіх мамаў, мужа ці жонкі, дзяцей – бо яны зараз праходзяць гэтае выпрабаванне за ўсіх нас».