Сёння Ціханоўская сустрэлася з кіраўнікамі місій АБСЕ Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША, Швецыі, Эстоніі, Літвы, Латвіі, Чэхіі і Польшчы. Усе яны падтрымалі Маскоўскі механізм.
На сустрэчы Святлана Ціханоўская:
– распавяла пра сітуацыю з палітвязнямі і бесчалавечныя ўмовы ўтрымання – падзялілася сведчаннямі Мікалая Казлова і іншых зняволеных аб катаваннях;
– падвяла вынікі галасавання на платформе «Голас», дзе ў падтрымку перамоў аб выбарах пры міжнародным пасярэдніцтве выказаліся больш за 770 тысяч беларусаў;
– падзякавала місіі АБСЕ за хуткую рэакцыю на галасаванне і падтрымку закліку да дыялогу;
– распавяла пра працу Сітуацыйна-аналітычнага цэнтра, які працуе над бяспекай мірных акцый пратэсту ў Беларусі;
– абмеркавала магчымыя фарматы медыяцыі і якія краіны могуць стаць пасярэднікамі ў вырашэнні крызісу;
– абмеркавала праект Канстытуцыйнай рэформы групы Анатоля Лябедзькі, а таксама прапановы па Канстытуцыі з боку рэжыму Лукашэнкі;
– папрасіла падтрымаць прапанову БДІПЧ АБСЕ па маніторынгу судоў. Заявіла, што незалежныя эксперты павінны прысутнічаць на судах, каб не дапускаць беззаконні;
– прадставіла кіраўнікам місій АБСЕ прапанову па фарматах перамоў, якія былі апублікаваныя яе камандай. Абмеркавала формы ўдзелу структур АБСЕ ў арганізацыі дыялогу паміж рэжымам і народам.
«Менавіта АБСЕ можа дапамагчы вырашыць крызіс у Беларусі мірна. Бо нашая краіна – ўдзельніца гэтай арганізацыі, і ў АБСЕ дастаткова вопыту і палітычнай волі, каб крызіс у Беларусі быў вырашаны», – зазначыла Ціханоўская.