Учора ў Вільні Святлана Ціханоўская наведала прэм'еру пастаноўкі «Ціхары» па п'есе аднаго з сучасных беларускіх пісьменнікаў Сашы Філіпенкі. У аснове сюжэту – гісторыя пра беларускага лекара, які ў 2020 годзе адмовіўся лячыць амапаўца, і за гэта яго судзяць праз 10 гадоў.
Святлана Ціханоўская: «Цяжка выказаць тыя эмоцыі, якія я адчула падчас спектакля. Я нібыта зноў перажыла 2020 год. Вытанчаная праца на тэму злачынцаў і ахвяраў, дабра і зла, праўды і хлусні.
Мяне ўразіла, як у пастаноўцы спалучаюцца неймаверна балючыя гісторыі з неймаверна добрым гумарам. Асобна хачу адзначыць ігру актораў: Андруса Даралы, Марыны Здаронкавай, Іллі Ясінскага, Аляксандры Метальнікавай, Сяргея Толсцікава, Ніёлы Макутэнайтэ, Аляксандра Рацько, Віталя Леонава, Аляксандра Філіпенкі – моцна, трапна і чула. Вашыя асабістыя аповеды ў канцы спектакля – вартыя асобных авацыяў. Немагчыма было стрымаць слёзы, слухаючы гісторыі рэпрэсіяў з боку рэжыму супраць нашых найбольш таленавітых прадстаўнікоў культуры. Я ганаруся кожным і кожнай з вас, мой нізкі вам паклон.
Дзякуй украінскай рэжысёрцы Сашы Дзянісавай за цудоўную пастаноўку, дзякуй Аляксандры Лер за прадзюсарскую працу і, вядома, дзякуй Літоўскаму Старому Тэатру за падтрымку. Спадзяюся, што гэты спектакль з'явіцца яшчэ не ў адным тэатры свету і абавязкова – у вольнай Беларусі».