Спецпрадстаўнік Святланы Ціханоўскай па выбарах Аляксандр Шлык адправіўся ў Бухарэст на штогадовую канферэнцыю і пасяджэнне Генеральнай Асамблеі ААВКЕ (Асацыяцыя арганізатараў выбараў краін Еўропы). Канферэнцыя будзе праходзіць да 30 верасня. У ёй удзельнічаюць ЦВК 25 краін, а таксама міжнародныя арганізацыі, у тым ліку АБСЕ, ААН і Рада Еўропы, Міжнародны фонд выбарчых сістэм і іншыя арганізацыі.
Аляксандр Шлык будзе адзіным прадстаўніком Беларусі на канферэнцыі ў Бухарэсце. Чальцы ЦВК Беларусі ўдзельнічаюць анлайн, паколькі знаходзяцца пад санкцыямі.
Падчас канферэнцыі Аляксандр Шлык сустрэнецца з прадстаўнікамі міжнародных арганізацый і ЦВК іншых краін, каб наладзіць кантакты, якія будуць карысныя для падрыхтоўкі і правядзення празрыстых выбараў у Беларусі – як толькі гэта стане магчыма. Для гэтага Шлык ужо распрацаваў праекты рашэнняў, як арганізаваць сумленныя выбары на працягу 60 дзён.