• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская: «Я хачу, каб нашая рэвалюцыя абышлася найменшай колькасцю ахвяр»

    05 красавіка, 2021

    Ціханоўская ў інтэрв'ю «Настоящему времени» і «Еўрапейскай праўдзе» распавяла пра планы сваёй каманды.

    Які ў беларусаў план?

    • «У беларусаў план – перамагчы, прывесці краіну да новых выбараў. Няма такога паняцця, што мы даем людзям план, нейкую вузкую каманду – і людзі яе выконваюць. Не, наадварот, гэта людзі нам прапаноўваюць: «Мы б хацелі зрабіць гэта. Мы б хацелі так пратэставаць». Мы ўсё гэта чуем і абменьваемся меркаваннямі з беларусамі, якія цяпер у краіне. І гэта пастаянны дыялог з грамадзянскай супольнасцю. Людзі вымушаныя шукаць новыя формы пратэсту, і ім гэта ўдаецца. Зараз ідзе барацьба на змор рэжыму.
    • Выхад на вуліцы – гэта толькі адна з формаў пратэсту, хоць, яшчэ раз паўтараю, яна вельмі важная. Але таксама важныя і забастоўкі на прадпрыемствах. У нас ужо працоўныя аб'ядноўваюцца ў стачачныя камітэты, арганізоўваюць кааліцыі, яны разумеюць, што страйкавы рух працоўных вельмі важны. Ёсць нашыя неверагодныя двары, якія аб'ядноўваюцца і дзейнічаюць ужо па сваіх планах.
    • Рэжыму складана. Рэжым прывык усё браць сілай, а тут ужо трэба і галаву падключаць. Але ў іх не хапае ні досведу, ні разумення, як гэта людзі робяць.

    Пра перамовы:

    • Стварэнне перамоўнай пляцоўкі – гэта працэс. Мы пачалі яго абмяркоўваць яшчэ восенню, але вельмі шмат фактараў уплывае на гэтую працу. Але ў нашых інтарэсах, у інтарэсах усёй краіны і бліжэйшых краін пачаць дыялог як мага хутчэй. Таму цяпер у інтэнсіўным тэмпе гэта ўсё абмяркоўваецца і арганізуецца пляцоўка для перамоў.
    • Перамовы патрэбныя для вяртання грамадзянам Беларусі права выбару – каб вырашыць крызіс у Беларусі. Хтосьці можа дараваць Лукашэнку, хтосьці не можа, але гэта ўжо не пытанне перамоў.

    Пра раскол сярод супрацоўнікаў рэжыму:

    • Я не гляджу прапагандысцкія фільмы, але мне распавядалі пра іх. І, мяркуючы па ўсім, апошні фільм накіраваны на чарговае застрашванне працаўнікоў сілавых структур. Але, мне здаецца, ён спрацаваў зусім у процілеглы бок. Стала відавочна, што ніякага адзінства ў сілавых структурах няма, што там раскол, многія супрацоўнікі ў замяшанні. І больш за тое, мы ведаем, што працаўнікі гэтых самых сілавых структур і іншых ведамстваў таксама хацелі б выхаду з эканамічнага, палітычнага і гуманітарнага крызісу.
    • Вядома, яны таксама адчуваюць страх, таму што рэжым бязлітасны. Але мы атрымліваем пастаянна інфармацыю – аўдыёзапісы, відэа, дакументы – пра тое, што там усё вельмі і вельмі нестабільна.

    Пра негвалтоўны пратэст:

    • Пратэстны рух у Беларусі не згасаў ніколі. Людзі нават пры такім узроўні рэпрэсій і гвалту працягваюць шукаць новыя формы. Цяпер няма магчымасці ў людзей выходзіць масава на вуліцы, таму што ўся бронетэхніка выведзеная, па вуліцах у святочныя дні шпацыруе толькі АМАП і заканспіраваныя супрацоўнікі ведамасных структур. Але людзі ўсё роўна выходзяць, бачаць адно аднаго. [Пасля 25 сакавіка] я атрымлівала вельмі шмат паведамленняў: «Мы сустрэліся, мы ўбачылі вочы адно аднаго», «Мы тут».
    • Рэжым абавязкова ўпадзе, гэта пытанне толькі часу і колькасці ахвяраў – людзей, якімі рэжым гатовы ахвяраваць дзеля захавання ўлады аднаго чалавека.
    • Як жанчына, я хачу, каб нашая рэвалюцыя абышлася найменшай колькасцю ахвяр. Мы ўвесь час шукаем магчымасці і спосабы ўрэгуляваць гэтае пытанне мірна – мірныя пратэсты на вуліцах, вывешванне сімволікі, пастаянная дэманстрацыя таго, што нас шмат. Гэтакі «выматвальны пратэст».
    • Зараз нашая задача – аказваць такі магутны ціск на гэты рэжым, каб любы трыгер спрацаваў. Гэта можа быць стачка на нейкім заводзе або агульнанацыянальны страйк. Хутчэй за ўсё, не будзе нейкай адной падзеі, якая «прымусіць рэжым пасці». Але ён ужо хістаецца, у ім ідуць незваротныя працэсы. Гэта як запалены тарфянік. Быццам бы зямля роўная, але там усё гарыць, і калі станеш – праваліцца».

    Апошнія навіны