Вынікі:
- Прэм'ер запэўніў, што Латвія адрознівае беларускі народ і рэжым у Беларусі, і разумее, што беларусы змагаюцца супраць рэжыму, які стаў яшчэ і су-агрэсарам у вайне супраць Украіны.
- Абмеркавалі, што Латвія працягне выдачу візаў для беларусаў, асабліва тых, якія ратуюцца ад рэпрэсій.
- Ціханоўская ўзняла пытанне гуманітарнай дапамогі для беларусаў, якія знаходзяцца ва Украіне, а таксама для беларускіх валанцёраў і грамадскіх ініцыятыў, якія працуюць ва Украіне.
- Абмеркавалі лібералізацыю прыёму рэпрэсаваных працоўных з Беларусі на працу ў Латвіі, варыянты падтрымкі рэлакаваных беларускіх НДА, прыватных кампаній, грамадскіх ініцыятываў і СМІ.
- Ціханоўская заклікала працягнуць праграму для рэлакацыі сумленных беларускіх бізнесаў, якія не падтрымлівалі рэжым.
- Абмеркавалі падтрымку медыяў. Бліжэйшым часам у Латвіі плануе адкрыць офіс Радыё Свабода, а таксама Школа Эканомікі ў Рызе працягне адукацыйныя праграмы для журналістаў-расследавальнікаў.
- Ціханоўская папрасіла прэм'ера разглядзець магчымасць спынення імпарту алкагольнай прадукцыі з Беларусі, а таксама закрыць шчыліны, якія выкарыстоўваюць набліжаныя да рэжыму кампаніі для абыходу санкцый праз Латвію.
На відэа – фрагмент абмеркавання пытанняў візаў і суверэнітэту Беларусі:
Ціханоўская: «Дзякуй за вашыя словы пра падтрымку візаў для беларусаў, таму ў чат-боце Офіса беларусы вельмі часта пытаюцца пра гэта.
Што тычыцца сітуацыі ў Беларусі, мы разглядаем сваю краіну – як тую, якая знаходзіцца пад часовай ваеннай акупацыяй. Я ўпэўненая, Лукашэнка не мае ўплыву на рашэнні пра ваенную актыўнасць. Адзіная рэч, якую ён зараз кантралюе, – гэта рэпрэсіі супраць беларусаў. І, вядома, наша незалежнасць зараз пад пагрозай.
Таму мы выступаем за вывад расійскіх войскаў з нашай тэрыторыі. І вельмі важна падзяляць: Лукашэнка – агрэсар. Не беларусы, не Беларусь, а адзін чалавек, які захапіў уладу і нясе адказнасць за тое, што ўцягнуў нас у гэтую вайну».