Прадстаўнік па нацыянальнай абароне Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Валерый Сахашчык падсумаваў вынікі сваёй працы, адказаў на пытанні аўдыторыі і павіншаваў беларусаў са святамі.
Валерый Сахашчык адзначыў, што за час сваёй працы ў Кабінеце ім з нуля была створана каманда, куды былі прыцягнуты выдатныя спецыялісты з Узброеных Сілаў РБ.
Важным дасягненнем стала наладжванне канструктыўнага супрацоўніцтва з кіраўніцтвам Узброеных Сіл Украіны. Вынікам гэтага стала стварэнне новай беларускай вайсковай часткі ў складзе УСУ, асноўнай мэтай якой з'яўляецца знізіць баявыя страты за кошт забеспячэння яе самым сучасным узбраеннем.
Сярод важных дасягненняў Сахашчык назваў праект «Паспалітае Рушэнне» – ваенна-патрыятычнае аб’яднанне беларусаў за межамі РБ з мэтай іх кансалідацыі і адраджэння нацыянальнай вайсковай культуры.
Акрамя таго, Сахашчык адзначыў сумесную працу з прадстаўніком па транзіце ўлады Паўлам Латушкам над праектам люстрацыі, што дазволіць без залішняй радыкалізацыі адасобіць добрасумленных супрацоўнікаў сілавых структураў ад асобаў, якія здзяйсняюць злачынствы супраць беларусаў.
Не засталася па-за ўвагай і падрыхтаваная камандай Сахашчыка прапанова па ўвядзенні санкцый супраць прадпрыемстваў ваенна-прамысловых комплексаў Беларусі і Расіі, якія ўдзельнічаюць у агрэсіі супраць Украіны.
Таксама прадстаўнік па нацыянальнай абароне адказаў на найбольш частыя пытанні, якія задаюць яму беларусы: чаму ён стаў удзельнікам дэмакратычнага руху і якія мэты перад сабой ставіць? чым ён займаецца на Украіне і як ставіцца да Расіі? што ён думае пра раздзяленні ў асяродку дэмакратычных сіл Беларусі?
Валерый Сахашчык павіншаваў беларусаў з Раством і Новым годам, і пажадаў усім міра і бяспекі. Ён выказаў надзею, што беларускаму народу хопіць розуму і вытрымкі годна прайсці праз усе выпрабаванні і ўвасці ў сям'ю народаў Еўропы.