Падчас працоўнага візіту ў Партугалію Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларусамі. Афіцыйна ў Партугаліі маюць від на жыхарства каля 700 беларусаў, але гэтая лічба можа быць нашмат большая: у Партугалію рэлакуюцца многія беларусы, якія былі да вайны ва Украіне.
Ціханоўская заклікала беларусаў Партугаліі трымаць Беларусь на парадку дня, расказала пра свае сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады і дамоўленасці ў вырашэнні практычных праблемаў: легалізацыі і адкрыцця банкаўскіх рахункаў (ад пачатку вайны многія беларусы сутыкнуліся з адмовай у гэтым пытанні). «Мы зараз збіраем канкрэтныя імёны і спіс праблемаў – будзем перадаваць уладам, каб дапамаглі ў вырашэнні», – сказала Святлана Ціханоўская.
Да мітынгу далучыліся і прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары. Ціханоўская выказала падтрымку і салідарнасць з Украінай. «Сёння вы зрабілі вельмі важны крок на шляху да сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе. І я віншую вас з гэтым. Вы шмат за гэта заплацілі і, на жаль, працягваеце плаціць – жыццямі вашых суграмадзянаў. Гэта вельмі балюча».