Сёння Святлана Ціханоўская прыбыла ў Варшаву, дзе сустрэнецца з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам, мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім, сенатарамі і парламентарыямі. Таксама Ціханоўская правядзе сустрэчы з юрыстамі па справах універсальнай юрысдыкцыі, камандай ByPol, Каардынацыйнай Радай і НАК.
Таксама сёння ў Цэнтры беларускай салідарнасці адбудзецца сумесная прэс-канферэнцыя з лідарамі рабочага руху па Праграме падтрымкі ўдзельнікаў стачак і рэпрэсаваных. Святлана Ціханоўская сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускай дыяспары і паўдзельнічае ў адкрыцці помніка «Салідарнасці» па запрашэнні мэра Варшавы.
У пятніцу Ціханоўская накіруецца ва Уроцлаў разам з Таццянай, сястрой Марыі Калеснікавай, і чальцом прэзідыума КР Вольгай Кавальковай. Там яны сустрэнуцца з мясцовымі ўладамі і прымуць удзел у цырымоніі ўзнагароджання прэміі Яна Новака-Езёраньскага. Ціханоўская адкрые выставу «Вроцлаў для Беларусі» і мурал, прысвечаны барацьбе беларусаў за свабоду.
Падчас усіх сустрэч Святлана Ціханоўская падыме пытанні дапамогі рэпрэсаваным студэнтам, лекарам і праваабаронцам у Беларусі, падтрымкі тэлеканала «Белсат» і незалежных медыя, крымінальных справаў супраць памагатых рэжыму ў межах універсальнай юрысдыкцыі. Ціханоўская плануе таксама абмеркаваць увядзенне эфектыўных санкцый супраць рэжыму і падзякаваць за ініцыятыву Усёабдымнага плана дапамогі ЕС Беларусі.
Прэс-канферэнцыя з лідарамі рабочага руху па Праграме падтрымкі ўдзельнікаў стачак і рэпрэсаваных пачнецца сёння а 16:30. Паглядзець яе можна па спасылцы.