«Паважаны сенатар Тэрцы,
Паважаны Джуліа,
Cari amici, care amiche,
Сёння я нібы знаходжуся сярод сяброў. Сяброў, для якіх свабода і дэмакратыя гэтак жа важныя, як і для мяне. Я асабліва радая бачыць тут сенатараў П'ера Фердынанда Казіні, Джуліа Тэрцы, Філіпа Сэнсі. Вашая падтрымка і салідарнасць натхняюць беларусаў і надалей змагацца за нашую краіну.
Я радая быць тут, у вечным горадзе – Рыме, адной з калысак дэмакратыі і еўрапейскай цывілізацыі. Гістарычна беларусы належаць да гэтай цывілізацыі. Нягледзячы на спробы акупантаў і дыктатараў, мы ніколі не гублялі сваёй еўрапейскасці. Яна закладзеная ў нашай ДНК.
Наш першы кнігадрукар Францыск Скарына атрымаў акадэмічную ступень у Падуі ў XVI стагоддзі. Каралева Бона Сфорца, якая нарадзілася ў Мілане, стаяла за зямельнымі рэформамі ў нашых краях у 1547 годзе. Наш магнат Мікалай Крыштаф Радзівіл прывёз у Беларусь архітэктуру італьянскага барока пасля падарожжаў па Італіі.
На жаль, зараз нашая гістарычная памяць пад ударам. Рэжым Лукашэнкі пры падтрымцы Пуціна спрабуе знішчыць нашую ідэнтычнасць і перапісаць гісторыю. «Вы частка Расіі, а не Еўропы», – кажуць яны. За дэманстрацыю нацыянальнага сцяга ці нават размову на беларускай мове могуць пакараць.
«Схаваная анэксія Беларусі Расіяй» – так Парламенцкая асамблея АБСЕ апісала тое, што зараз адбываецца ў Беларусі. Расія не разглядае ні Беларусь, ні Украіну як незалежныя краіны, і яе адзіная мэта – каланізаваць нас.
Расія баіцца, што Беларусь і Украіна стануць еўрапейскімі дэмакратычнымі краінамі. І яна вядзе вайну супраць нас, нашай ідэнтычнасці і каштоўнасцяў, хаця і рознымі сродкамі.
Дарагія сябры,
Беларусь сёння перажывае падвойны крызіс. З аднаго боку, мы сутыкаемся з пагрозай страты незалежнасці. Але з іншага боку, мы сутыкаемся з палітычным і гуманітарным крызісам, які пачаўся з фальсіфікацыі выбараў у 2020 годзе і жорсткіх рэпрэсіяў, якія ішлі за гэтым.
Гэтыя крызісы ўзаемазвязаныя. У 2020 годзе я выйграла прэзідэнцкія выбары, але не заступіла на пасаду. Лукашэнка адмовіўся сысці. Ён абвясціў сябе пераможцам. У беларускіх гарадах распачаліся масавыя мітынгі, а ўзначалілі іх бясстрашныя жанчыны.
Не без дапамогі Пуціна дыктатар развязаў тэрор супраць беларусаў. Без Пуціна Лукашэнка не пражыў бы і дня. І зараз ён адплачвае за яго дапамогу. Ён крок за крокам прадае незалежнасць Беларусі Расіі. Ён знішчае беларускую грамадзянскую супольнасць і культуру і жорстка душыць любы супраціў.
Праз турмы прайшло больш за 60 000 чалавек. У сярэднім кожны дзень арыштоўваюць 19 чалавек. Толькі за чэрвень арыштавалі 560 чалавек. За што? За тое, што крытыкавалі рэжым. За тое, што падтрымлівалі Украіну. За тое, што вывесілі сцяг. За тое, што зрабілі ахвяраванне на патрэбы беларускіх добраахвотнікаў. Часам проста за тое, што размаўлялі на беларускай мове.
У краіне некалькі тысячаў палітычных вязняў. Сярод іх і мой муж – Сяргей Ціханоўскі. Два дні таму я атрымала ананімнае паведамленне, што ён памёр у Жодзінскай турме. Праверыць, праўда гэта ці не, я не магла. У апошні раз я атрымлівала інфармацыю пра яго 9 сакавіка. А мае дзеці не бачылі свайго тату ўжо больш за 3 гады.
Літаральна гадзіну таму прапагандысцкія СМІ апублікавалі відэа майго мужа ў турэмнай камеры. Я ледзь магла яго пазнаць.
Рэжым выкарыстоўвае палітычных зняволеных у якасці закладнікаў. Многія, як і Сяргей, утрымліваюцца ў поўнай інфармацыйнай ізаляцыі. Мы месяцамі не атрымліваем пра іх ніякай інфармацыі. Сярод іх самыя светлыя людзі: напрыклад, мая сяброўка Марыя Калеснікава, наш нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі ці актывістка Вольга Маёрава.
Тэрор прыйшоў у кожны дом і ва ўсе сферы жыцця. Сотні тысячаў беларусаў уцяклі ад рэпрэсіяў у суседнія краіны. Былі забароненыя ўсе дэмакратычныя партыі. Былі кінуты ў турмы лідары ўсіх незалежных прафсаюзаў. Былі ліквідаваныя тысячы незалежных СМІ, кампаній і грамадскіх арганізацый.
Цяпер мы ведаем, што гэта была падрыхтоўка да вайны. У 2022 годзе мы прачнуліся ад навіны, што расійскія войскі ўварваліся ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. Лукашэнка ўцягнуў Беларусь у злачынную вайну Пуціна. Мы ж спрабавалі яе спыніць: нашыя «чыгуначныя партызаны» правялі больш за 80 паспяховых дыверсій, каб спыніць прасоўванне расійскіх вайскоўцаў.
Пуціну і Лукашэнку не ўдалося ўцягнуць беларускія войскі ў вайну з-за антываенных настрояў у беларускім грамадстве. 86% беларусаў выступаюць супраць удзелу Беларусі ў вайне. Беларусы не хочуць паміраць за амбіцыі двух узурпатараў.
Нягледзячы на гэта, рэжым працягвае даваць Расіі аб'екты, навучанне і боепрыпасы. Нядаўна дыктатары аб'явілі пра размяшчэнне расійскай ядзернай зброі на беларускай тэрыторыі. Гэта парушае беларускую канстытуцыю і міжнародныя дамовы аб нераспаўсюджанні зброі масавага паражэння, і, вядома, супярэчыць волі беларускага народа.
Мы назіралі за мяцяжом Прыгожына, чакаючы, што гэтыя ўнутраныя баі аслабяць Расію і, такім чынам, аслабяць Лукашэнку. Аднак усё скончылася не так, як мы чакалі. Наймітаў з тэрарыстычнай групы «Вагнер» – гэта значыць забойцаў і гвалтаўнікоў – адправяць у Беларусь. Гэта стварае экзістэнцыйную пагрозу для нашага народа і яшчэ больш прыкоўвае Беларусь да Расіі.
Мы патрабуем вываду расійскіх войскаў, наймітаў і ядзернай зброі з нашай тэрыторыі. На жаль, мы не можам дасягнуць гэтага ў адзіночку. Нам патрэбная дапамога міжнароднай супольнасці. Размова ідзе ўжо не пра ўнутраныя справы, а пра міжнародную бяспеку і выжыванне Беларусі як краіны.
Акрамя таго, трэба прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых. Усіх, хто мае дачыненне да рэпрэсій і вайны. Нядаўна мы атрымалі доказы дачынення рэжыму Лукашэнкі да дэпартацыі ўкраінскіх сіротаў з акупаваных раёнаў Украіны ў Беларусь. Усяго некалькі месяцаў таму Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Пуціна. Такі ж ордэр патрэбны ў дачыненні да Лукашэнкі і ягоных набліжаных.
Вы, італьянскія сенатары, можаце заклікаць свой урад і міжнародныя арганізацыі распачаць трыбунал супраць Лукашэнкі. Прыйшоў час прызнаць рэжым Лукашэнкі тэрарыстычным. Надышоў час увесці магутныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і Пуціна. Не толькі за ўварванне ва Украіну, але і за падрыў суверэнітэту Беларусі. Прыйшоў час падтрымаць змагароў за свабоду ў Беларусі.
Я прашу вас падтрымаць нашыя дзеянні ў парламенцкіх асамблеях Рады Еўропы, АБСЕ і НАТА. Нядаўна ПАРЕ прыняла рэзалюцыю ў падтрымку беларусаў у выгнанні. Я хацела б падзякаваць нашым італьянскім сябрам за іх галасы і салідарнасць. Grazie!
Нам трэба, каб увесь свет выступіў адзіным фронтам за свабодную, незалежную і еўрапейскую Беларусь.
Дарагія сябры,
Дыктатары спрабуюць раскалоць і аслабіць нас, але мы павінны аб'яднацца і ўмацаваць нашыя сувязі. Я хачу сардэчна падзякаваць сенатару Філіпу Сэнсі за стварэнне парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь» у італьянскім парламенце. Гэтая група будзе садзейнічаць развіццю больш цесных сувязяў паміж нашымі краінамі.
Я вельмі спадзяюся, што група «За дэмакратычную Беларусь» у Італіі аб'яднае прадстаўнікоў абедзвюх палатаў і розных палітычных партый, як кіроўных, так і апазіцыйных. Мы хочам, каб беларускае пытанне аб'яднала людзей розных палітычных поглядаў.
Мы чакаем, што група будзе прымаць рэзалюцыі, якія заклікаюць урад да дзеянняў па Беларусі. Так вы зможаце падтрымаць беларускі дэмакратычны рух.
Я таксама запрашаю ўсіх вас наведаць Вільню і Варшаву, каб асабіста сустрэцца з прадстаўнікамі беларускай эмігранцкай суполкі. З актывістамі, былымі палітвязнямі, ветэранамі вайны, чальцамі сем'яў тых, хто загінуў ва Украіне, змагаючыся супраць расійскага імперыялізму.
Немагчыма перадаць словамі, як я ўдзячная за ўсё тое, што Італія ўжо робіць для беларусаў. Ужо працуе праграма рэабілітацыі дзяцей палітвязняў. Я хацела б папрасіць вас, шаноўныя сенатары, прасоўваць гэтую праграму ў вашых рэгіёнах у супрацоўніцтве з мясцовымі ўладамі і беларускай дыяспарай.
Калі ласка, не забывайцеся пра палітычных зняволеных у нашай краіне. Па ўсёй Еўропе ўжо ёсць 363 парламентары, якія сталі хроснымі бацькамі беларускіх палітвязняў – станавіцеся і вы. Адзін з іх – ваш калега Бранда Беніфей з Еўрапейскага парламента. Ён узяў патранаж над палітвязнем Сяргеем Глебкам, асуджаным на 11 гадоў за спробу спыніць прасоўванне расійскіх войскаў ва Украіну. Гэта не будзе займаць больш за некалькі хвілінаў вашага часу ў тыдзень, але стане важным знакам салідарнасці з вашага боку.
Італія знаходзіцца ў спісе краінаў, якія выдаюць найбольш візаў беларусам, якія вымушана пакідаюць краіну з-за пераследу. Я хацела б падзякаваць за гэта італьянскаму ўраду і асабіста майму сябру Антоніа Таяні. Магчымасць выезду вельмі важная для беларусаў. Гэтыя людзі – будучыня нашай краіны.
Я хацела б скончыць тым, з чаго пачала: трэба ўмацоўваць нашую еўрапейскую ідэнтычнасць, падтрымліваючы беларускую мову, культуру і наладжваючы сувязі паміж людзьмі. Калі ў вас ёсць магчымасць запрасіць беларускіх пісьменнікаў, мастакоў ці вучоных на мерапрыемствы або даць ім стыпендыі – гэта ваш унёсак у будучую еўрапейскую Беларусь.
9 жніўня будзе трэцяя гадавіна пачатку нашага мірнага паўстання. І я заклікаю вас у гэты дзень праявіць салідарнасць з беларусамі.
Шлях да дэмакратыі нялёгкі, але гэта слушны шлях. Давайце пройдзем яго разам.
Дзякуй вялікі!
Жыве Беларусь!»