• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • ​Дапамога беларускім уцекачам, трыбунал для Лукашэнкі, абарона ад паглынання Расіяй. Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўніком ПАРЕ

    17 мая, 2023

    Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Ціні Коксам падчас саміту ў Рэйк’явіку. Ён запрасіў Ціханоўскую выступіць на пленарнай сесіі ПАРЕ ў чэрвені. Там будзе прэзентавацца даклад па сітуацыі з беларускімі ўцекачамі.

    У дакуменце гаворыцца, што ад 200 тысячаў да 500 тысячаў чалавек выехалі з Беларусі пасля 2020 года і пакутуюць ад рознага кшталту абмежаванняў. Таксама ў дакладзе даюцца практычныя рэкамендацыі – якім чынам дапамагчы беларусам, што апынуліся ў вымушанай эміграцыі. Яго прэзентацыя павінна змяніць стаўленне да беларусаў у выгнанні з боку замежных краінаў. Даклад рыхтаваўся люксембургскім прастаўніком ПАРЕ с удзелам дэмакратычных сілаў Беларусі.

    Таксама Святлана Ціханоўская і Тайні Кокс абмеркавалі працу Кантактнай групы Рады Еўропы, якая збіраецца напярэдадні наступнай сесіі 19 чэрвеня. У яе межах ужо запушчаныя некалькі праектаў, якія пачынаюць сваю працу – па дапамозе журналістам, моладзі, грамадзянскай супольнасці. Тайні Кокс высока ацаніў працу кантактнай групы.

    Абмеркавалі таксама сітуацыю з масавым прымусовым вывазам украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый не толькі ў Расію, але і ў Беларусь, датычнасць да гэтага Лукашэнкі. Дамовіліся, каб гэтае пытанне было ўзнятае на бліжэйшых сустрэчах на сесіях ПАРЕ і было ўключанае ў даклад па Украіне. Гэта дазволіць прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасці ў міжнародных судах.

    Разам з прэзідэнтам ПАРЕ Ціханоўская абмеркавала таксама крокі, якія трэба рабіць для ўступлення Беларусі ў Раду Еўропы. «Супраца з ПАРЕ, з Радай Еўропы мае вельмі важнае значэнне для Беларусі, – сказала Ціханоўская. – Бо гэта ў тым ліку дазваляе змяншаць Беларусі залежнасць ад Расіі, дае дэмакратычнай Беларусі суверэнітэт і такім чынам абараняе краіну ад паглынання Расіяй. Вельмі важна, каб Рада Еўропы займала праактыўную пазіцыю да беларусаў».

    Была дасягнутая дамова пра тое, што прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці, партыяў будуць удзельнічаць у паседжаннях ПАРЕ з правам назіральнікаў. Гэта будзе адбывацца рэгулярна, першая група ўжо брала ўдзел. Задача – каб як можна больш розных палітычных сілаў мелі магчымасць прадставіць беларускую пазіцыю ў Радзе Еўропы. Каб там гучаў голас беларусаў, а не рэжыму.

    Апошнія навіны