Святлана Ціханоўская: «Апошнія тыдні ўсе актыўна абмяркоўвалі знікненне Лукашэнкі, ягонае здароўе і адсутнасць любой інфармацыі пра яго. Але ўзгадайце, колькі часу няма ніякай інфармацыі пра многіх палітвязняў.
Вось ужо 23 дні мы не ведаем, дзе і ў якім стане знаходзіцца Віктар Бабарыка. Апошнія 100 дзён няма інфармацыі пра Максіма Знака, 89 дзён – пра Ігара Лосіка. Марыя Калеснікава перанесла аперацыю ў шпіталі – і вось ужо 94 дні мы нічога не чулі пра яе. Я нічога не ведаю пра стан свайго мужа – сувязі з ім няма 72 дні.
Праз 95 дзён поўнай невядомасці адміністрацыя турмы зрабіла ласку адказаць Марыне Адамовіч, жонцы Мікалая Статкевіча – апошнія паўгода ён утрымліваецца ў адзіночнай камеры памерам 1х3 метры. Адкуль яго перыядычна пераводзяць у ШІЗА. Але сувязі з ім па-ранейшаму няма.
Прапагандысты водзяць школьнікаў на «экскурсіі» ў турмы, імкнучыся паказаць, што ніякіх рэпрэсіяў, жаху і смерцяў там няма. Але ж усё гэта нахабная хлусня. Я хачу сказаць усім гэтым «экскурсаводам»: пакажыце Віктара Бабарыку. Пакажыце Сяргея Ціханоўскага, Максіма Знака, Ігара Лосіка і ўсіх, каго вы ўтрымліваеце ў турмах. Пакажыце палітвязняў іх родным, адвакатам і міжнароднай супольнасці.
Рэжым пазбаўляе палітвязняў любой сувязі са знешнім светам. Наіўна мяркуючы, што мы ўсе пра іх забудземся, што пра іх забудуцца ва ўсім свеце. Але мы з вамі не дамо гэтаму здарыцца. 21 траўня мы гучна нагадаем усяму свету пра нашых герояў».