• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Дайджэст Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, Чэрвень 2023 / Выпуск 11

    04 ліпеня, 2023

    Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што тычыцца адукацыі ў Беларусі, у наш бясьпечны і ананімны чат-бот у тэлеграм: @eduOST_bot.

    Паведамляйце нам навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных формаў ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі.

    Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванні сістэмы адукацыі.

    Спампаваць дайджэст можна па спасылцы.

    • МІЖНАРОДНЫЯ МАГЧЫМАСЦІ

    – Новыя магчымасці

    Генцкі ўніверсітэт запрашае на бясплатны 4-дзённы курс «Дэкаланіяльныя і посткаланіяльныя погляды на Усходнюю Еўропу». Курс пройдзе з 17 па 20 кастрычніка 2023 года і адрасаваны кандыдатам навук і постдактарантам сацыяльных і палітычных навук, зацікаўленым у вывучэнні Global East і постсавецкай прасторы. Мова курса – англійская. Прыём заявак – да 30 жніўня 2023 года, праграма і рэгістрацыя.

    Fulbright Visiting Scholar Program адкрывае прыём заявак на поўныя стыпендыі для беларускіх наукоўцаў і даследчыкаў. Праграма прадугледжвае падтрымку навуковых даследаванняў і/ці падрыхтоўкі і правядзення лекцый у амерыканскіх універсітэтах на працягу 3-6 месяцаў. Стыпендыя пакрывае міжнародныя пералёты, штомесячную падтрымку стыпендыята і суправаджаючых членаў сям'і, медыцынскую страхоўку. Прыём заявак – да 3 сентября 2023 года, праграма і форма рэгістрацыі.

    Канцэрн Audi адкрыў прыём заявак на штогадовую праграму падвойнага навучання ў Technical University of Munich ці Ingolstadt Technical University. Кожны ўдзельнік праграмы выбірае, у якім з універсітэтаў праходзіць навучанне, а таксама праходзіць практычнае навучанне непасрэдна ў кампаніі Audi. Праграма падыходзіць для ўладальнікаў ступені бакалаўра, захопленых тэхналогіямі і інфармацыйнымі тэхналогіямі. Пачатак навучання – кастрычнік 2023 года. Прыём заявак – да 17 верасня 2023 года, напрамкі навучання і форма рэгістрацыі.

    International Excellence Scholarship Program (IES). Стыпендыяльная праграма, якая дазваляе матываваным студэнтам усіх спецыяльнасцей з Усходняй і Паўднёва–Усходняй Еўропы, Каўказа і Цэнтральнай Азіі з адзнакамі вышэй за сярэдні ўзровень правесці семестр і паглыбіць свае веды ў найлепшых універсітэтах Германіі (HU Berlin, FU Berlin , HWR Berlin, University of Potsdam). COPERNICUS BERLIN прапануе 3 магчымасці фінансавання ў межах праграмы IES: поўная стыпендыя, частковая стыпендыя плюс, частковая стыпендыя. Тэрміны падачы заяўкі: 1 кастрычніка – 30 снежня на наступны зімовы семестр; 1 красавіка – 30 чэрвеня на наступны летні семестр. Прыняць удзел.

    British Counsil 2023 прапануе бясплатныя анлайн-тэсты IELTS. Трэніровачныя тэсты могуць стаць часткай эфектыўнай падрыхтоўкі да здачы IELTS. Гэта магчымасць самастойна пазнаёміцца з фарматам тэста, папрактыкавацца ў таймінгу і тэхніцы здачы экзамену. Прайсці тэст.

    – Працягваецца прыём заявак

    Офіс па адукацыі для новай Беларусі прымае заяўкі на кампенсацыю выдаткаў ад былых палітвязняў беларускіх студэнтаў, вучняў, якія маюць патрэбу ў фінансавай дапамозе. Ініцыятыва рэалізуецца ў межах праграмы Orange Scholarships Каралеўства Нідэрландаў. Максімальная сума падтрымкі складае 3000 €. Падаць заяўку.

    Гейдэльбергскі ўніверсітэт абвесціў конкурс на атрыманне стыпендыі Hans-Peter Wild Talent на зімовы семестр 2023/2024 на атрыманне ступені бакалаўра або магістра ў сферы MINT (матэматыка, інфарматыка, прыродазнаўчыя навукі, тэхналогіі). Прыём заявак – да 15 ліпеня 2023 года, прыняць удзел.

    Фонд імя Конрада Адэнаўэра прапануе стыпендыі для навучання па праграмах магістратуры і PhD. Фонд дае штомесячную стыпендыю для студэнтаў магістрантаў у памеры 861 еўра, для аспірантаў – 1200 еўра, а таксама кампенсацыю затрат на медыцынскую страхоўку, сямейную ды дзіцячую дапамогу. Прыём заявак – да 15 ліпеня 2023 года, прыняць удзел.

    Праграма Абмену даследчымі праектамі Новага пакалення, Цэнтра Іэна Рэмзі па навуцы і рэлігіі Універсітэта Оксфарда, факультэта філасофіі Варшаўскага ўніверсітэта і факультэта філасофіі Заграбскага ўніверсітэта. Праграма абмену прадаставіць маладым вучоным (студэнтам магістратуры, якія знаходзяцца на перадапошнім курсе, або студэнтам першага года аспірантуры) з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, якія працуюць на скрыжаванні навукі, тэалогіі і філасофіі, магчымасць прыняць удзел у трох майстар-класах, якія цалкам фінансуюцца, якія адбудуцца ў Варшаўскім. універсітэце, Заграбскім універсітэце і Універсітэце Оксфарда. Праграма пакрывае ўсе выдаткі, звязаныя з удзелам у майстар-класах. Тэрмін падачы заяўкі на наступны летні семестр – 28 ліпеня 2023 года, прыняць удзел.

    Цэнтр перспектыўных даследаванняў у Сафіі (CAS Sofia) абвесціў пра прыём заявак на стыпендыі 2023-2024 гг. ад фонду Герды Хенкель для правядзення грунтоўных даследаванняў у сферы сацыяльных і гуманітарных навук. Працягласць стыпендыяльнай праграмы – 5 месяцаў. Кандыдатам будзе прапанавана штомесячная стыпендыя ў памеры 850 еўра (абкладаецца падаткам у памеры 10 адсоткаў) для пакрыцця расходаў на пражыванне. Таксама прадугледжана магчымасць пакрыць выдаткі на праезд з краіны пражывання ў Сафію і назад, выдаткі на візу і страхоўку (да 800 еўра); выдаткі на навуковую паездку за мяжу ў перыяд стажыроўкі – да 1200 еўра (аднаразовая дапамога) і выдаткі на правядзенне даследавання (100 еўра на месяц). Для ўдзелу ў праграме неабходна мець ступень кандыдата навук і валодаць англійскай мовай. Тэрмін падачы заяўкі на наступны летні семестр – 28 ліпеня 2023 года, прыняць удзел.

    Helmut-Schmidt-Programme прапануе стыпендыі на навучанне па праграме магістратуры ў сферы публічнай палітыкі і эфектыўнага кіравання. Студэнты будуць атрымліваць штомесячную стыпендыю ў памеры 934 еўра на месяц, таксама пакрываюцца выдаткі на медыцынскую страхоўку, на праезд да месца навучання, выдаткі на праходжанне курсаў нямецкай мовы. Тэрмін падачы заяўкі – 31 ліпеня 2023 года, прыняць удзел.

    Стыпендыяльная праграма Sur-Place ад Фонда імя Конрада Адэнаўэра для студэнтаў усіх універсітэцкіх праграм, якія маюць беларускае грамадзянства і навучаюцца ў Літве. Удзел у праграме патрабуе добрага ведання англійскай і/ці нямецкай мовы. Базавая ступень разлічана на 12 месяцаў з магчымасцю падаўжэння і ўключае ў сябе семінары і асабістыя кансультацыі. Памер стыпендыі складае 150 эўра на месяц. Прыём заявак ад суіскальнікаў – да 1 жніўня 2023 года, прыняць удзел.

    Стажыроўкі ў навучальных установах Славакіі. Урад Славацкай Рэспублікі ў межах Нацыянальнай стыпендыяльнай праграмы для замежных студэнтаў, аспірантаў, выкладчыкаў універсітэтаў, даследчыкаў і мастакоў працягвае прыём заявак на праходжанне стажыроўкі ў навучальных установах Славакіі. Прыём заявак – 30 кастрычніка 2023 года, прыняць удзел.

    Еўрапейскі Саюз у рамках праграмы «EU4Belarus – SALT-II» (Support for Advanced learning and training) абвяшчае прыём заявак на атрыманне фінансавай падтрымкі ў памеры да 1450 еўра на вывучэнне адной з еўрапейскіх моў (на выбар суіскальніка) і здачы па ім іспыту. Праграма прызначана для беларускіх студэнтаў-палітвязняў. Больш падрабязна па крытэрах адбору ўдзельнікаў і ўмовах праграмы – на сайце арганізатара. Умовы праграмы і падача заяўкі.

    • ГРАМАДЗЯНСКАЯ СУПОЛЬНАСЦЬ І АДУКАЦЫЯ

    Беларуская школа ў Варшаве абвяшчае набор на новы навучальны год. Магчымасць праводзіць суботнія афлайн–заняткі зараз ёсць не толькі ў сталіцы Польшчы, але і ў Беластоку, Гданьску, Кракаве, Познані ды іншых гарадах. Навучанне – бясплатнае. Для таго, каб запісаць дзяцей на заняткі – неабходна запоўніць форму. Прыём заявак – да 15 жніўня 2023 года.

    Грамадская актывістка Аліна Нагорная прадставіла вынікі даследавання па даступнасці і дыскрымінацыі беларускай мовы ў Беларусі. У апытанні прынялі ўдзел 482 чалавекі ва ўзросце ад 15 да 72 гадоў, якія размаўляюць на беларускай мове ў Беларусі. Вынікі анкетавання, статыстыка ды цэлы шэраг асабістых гісторый можна прачытаць тут.

    На «Банку Ідэй» апублікаваны аналіз вынікаў тэсту PISA 2018 (Programme for International Student Assessment) і рэкамендацыі, якія падрыхтаваў Ігар Варакса, экс–дырэктар ліцэя БДУ, кансультант Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях школьнай адукацыі. Тэст PISA накіраваны на ацэнку функцыянальнай пісьменнасці школьнікаў у розных краінах свету і ўменні прымяняць веды на практыцы. Ігар Варакса прааналізаваў вынікі тэста па трох асноўных кірунках: месца сістэмы беларускай адукацыі ў свеце, яе канкурэнтныя перавагі і недахопы. Поўны тэкст аналізу можна прачытаць тут. А праект «Васьміног» сабраў асноўныя тэзісы на картках.

    Магілёўская школа №1 адкрыла набор у першы клас з беларускай мовай навучання. Таксама ў школе №1 у наступным навучальным годзе працягнуць працу III, V і VII класы з беларускай мовай навучання. А ў школе № 34 – II, IV, VI і VIII класы. Па пытаннях навучання дзяцей у гэтых класах можна звяртацца непасрэдна ў навучальныя ўстановы. Усе кантакты апублікаваны тут.

    Беларуская нацыянальная моладзевая «РАДА» абвясціла пра запуск праграмы «Як развіваць якасную нефармальную адукацыю і быць эфектыўнымі трэнерамі». Праграма прапануе гібрыдны фармат удзелу з трыма афлайн-сустрэчамі ў Вільні і анлайн–працай паміж імі. Арганізатары запрашаюць узяць удзел усіх спецыялістаў, хто звязаны з нефармальнай адукацыяй і навучаннем іншых людзей. Поўнае апісанне, расклад і форму для падачы заяўкі можна знайсці тут. Прыём заявак – па 2 ліпеня ўключна.

    • РЭПРЭСІІ

    Пасля вясновай хвалі рэпрэсій у Полацкім дзяржаўным універсітэце працягваюцца звальненні. Рэктар Юрый Раманоўскі падпісаў загады на звальненне яшчэ не менш як 7 супрацоўнікаў, уключаючна з сакратаром дэканата, выкладчыкамі ды спецыялістамі розных кафедр. Раней СМІ паведамлялі пра звальненні з ПДУ дацэнтаў, якія да гэтага былі затрыманыя за «распаўсюджванне экстрэмісцкай інфармацыі» і «данаты».

    Выкладчыцу Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Ганну Нанос аштрафавалі за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у сацыяльных сетках. Яшчэ 30 траўня суд прызнаў яе вінаватай і прызначыў штраф у памеры 30 базавых велічыняў (1110 рублёў). Пратакол на выкладчыка быў складзены супрацоўнікамі Полацкага РАУС. Як адзначаюць праваабаронцы, у 2020 годзе фатаграфія Ганны Нанос з'явілася на дошцы гонару ПДУ ў раздзеле «гонар універсітэта».

    19 чэрвеня стала вядома пра звальненне дзесяці выкладчыкаў з Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Па інфармацыі СМІ, педагогам не працягнулі кантракты. Непасрэдна перад гэтым супрацоўнік КДБ праводзіў індывідуальныя размовы з працаўнікамі ліцэю. Сярод звольненых настаўнікаў – выкладчыкі геаграфіі, гісторыі, беларускай мовы і літаратуры, а таксама арт-кіраўнік. Варта адзначыць, што ў сакавіку 2023 года ўжо з'яўлялася інфармацыя пра складанне трох спісаў нелаяльных выкладчыкаў у ліцэі і пра намер звольніць іх пасля заканчэння кантрактаў.

    Былую выкладчыцу і дацэнта МДЛУ, Наталлю Дуліну этапавалі ў гомельскую калонію № 4. Паводле інфармацыі канала «МДЛУ за свабоду», гэта адбылося 20 чэрвеня. Дуліна была арыштаваная восенню 2022 года. Ёй прад’явілі абвінавачанні ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і «грубым парушэнні грамадскага парадку», і прызначылі 3,5 гады зняволення.

    • ПАЛIТЫКА РЭЖЫМУ

    Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч адзначыў, што пасля ўступлення ў сілу закона па ліцэнзаванні пяць прыватных беларускіх школ атрымалі дазвол на адукацыйную дзейнасць. Тры з іх знаходзяцца ў Мінску, яшчэ дзве – у Мінскім раёне. Увогуле – гэта каля адной тысячы навучэнцаў. На думку чыноўніка, неспакой бацькоў павінен быў выклікаць не закрыццё іншых прыватных школ, а шматлікія «разнапланавыя парушэнні», знойдзеныя ў гэтых установах.

    У Беларусі павялічаны набор мэтавікоў у медыцынскія ВНУ, асабліва ў сферы стаматалогіі, дзе ім аддалі 80 адсоткаў бюджэтных месцаў. Гэтае рашэнне было прынятае з мэтай скарачэння дэфіцыту лекараў у краіне. Намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка заявіў, што плануецца далейшае павелічэнне гэтай лічбы. Больш за тое, былі ўскладнены ўмовы пераразмеркавання, каб мэтавікі не маглі ўхіліцца ад адпрацоўкі. Раней міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч выказваўся пра магчымасць навучання толькі мэтавікоў за кошт бюджэту і намеры пашырыць мэтавы набор да 100%.

    Падчас аднаго з ток–шоу на тэлеканале СТВ, прыхільнікі лукашысцкай ідэалогіі абмеркавалі праблемы ў адукацыі, у тым ліку пытанне ўкаранення ў ВНУ дзяржаўнай ідэалогіі ў сферы гістарычнай памяці. На іх думку, адзіны метад барацьбы з іншадумствам – гэта жорсткія рэпрэсіі. Старшыня так званага «моладзевага парламента» Мікіта Рачылоўскі выказаўся пра неабходнасць «ператрэсці» склад рэктараў ВНУ, а таксама прафесарска-выкладчыцкі склад, асабліва на гістарычных факультэтах. Выказванні, якія не адпавядаюць афіцыйнай ідэалогіі, было прапанавана разглядаць як дзяржзраду, а іх аўтараў – адпраўляць у турму. У сваю чаргу, Павел Латковіч, таксама сябра «моладзевага парламента», выказаў ідэю пра магчымасць прымянення смяротнага пакарання за «скажэнне фактаў».

    Адміністрацыя Лукашэнкі прапанавала праводзіць бацькоўскія сходы не толькі ў школах, але і ў каледжах, ВНУ і ў войску. Ігар Луцкі, намеснік кіраўніка адміністрацыі, падкрэсліў неабходнасць сістэмнай выхаваўчай працы з бацькамі на ўсіх узроўнях адукацыі. У дадатак да гэтага, Луцкі прапанаваў устанавіць БРСМ і Беларускую рэспубліканскую піянерскую арганізацыю ў якасці асноўных каналаў выхаваўчага працэсу ў межах пазаўрочнай дзейнасці школьнікаў і студэнтаў.

    14 чэрвеня ў Гомелі адбылася спартакіяда школьнікаў, у межах якой удзельнічала каманда з самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі (ДНР). У мерапрыемстве прынялі ўдзел 40 спартсменаў з акупаванага рэгіёну, якія спаборнічалі ў розных дысцыплінах. На дадзены момант невядома, які статус мела каманда з ДНР на беларускай спартакіядзе.

    4 чэрвеня ў мінскім Свята–Елісавецінскім манастыры адбыўся канцэрт пад назвай «Сваіх не кідаем» у падтрымку расійскага ўварвання ва Украіну. Праграма мерапрыемства была прысвечана ваеннай тэматыцы, а ў афармленні сцэны выкарыстоўваліся партрэты кіраўнікоў самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі (ДНР) і ваенных камандзіраў. У межах канцэрта выканалі ваенную песню і выхаванцы школы «Іхвіс».

    У некаторых мінскіх школах уводзяць адзіны стыль адзення для настаўнікаў. Паралельна праходзіць інфармацыйная кампанія ў падтрымку другога абавязковага элемента ў школьным адзенні. Старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі адзначыў, што для педагогаў даўно замацавана патрабаванне прытрымлівацца афіцыйна-дзелавога стылю. Паводле яго слоў, некаторыя школы прыйшлі да таго, каб паступова ўводзіць і адзіны стыль адзення для педагогаў.

    Працягваецца развіццё ваенна-патрыятычных лагераў у Беларусі. Гэтым летам многія навучэнцы 10–11 класаў прымаюць удзел у палявых зборах. Гэтыя мерапрыемствы лічацца часткай курса дапрызыўнай падрыхтоўкі і ўключаюць навучанне арыентоўцы на мясцовасці, абыходжанні са зброяй, а таксама наведванне воінскіх частак, сустрэчы з сілавікамі і ваеннаслужачымі. Да чаго можа прывесці развіццё моладзевых ваенна-патрыятычных лагераў, што з імі не так, што пра гэта думаюць бацькі – пра гэта можна прачытаць тут.

    17 чэрвеня намеснік Міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпенкаў уручыў рэкамендацыі выпускнікам ваенна–патрыятычных клубаў Мінскага гарнізона. Паводле яго слоў, яны паслужаць падставай для атрымання льгот пры паступленні ў вышэйшыя ведамасныя навучальныя ўстановы, у тым ліку Ваенную акадэмію і Акадэмію МУС.

    Беларускі ўрад правядзе дадатковы маніторынг сістэмы адукацыі пасля інцыдэнту з падлікам вынікаў цэнтралізаванага іспыту, каб прадухіліць магчымыя сітуацыі, здольныя выклікаць «сацыяльную хвалю». Маніторынг будзе ўключаць выяўленне сістэмных і асобных недахопаў у адукацыйнай сістэме, з удзелам педагогаў, спецыялістаў і прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў. Вынікі маніторынгу будуць прадстаўлены на калегіі Міністэрства адукацыі ў жніўні.

    Апошнія навіны