На гэтым тыдні валанцёры Офіса Ціханоўскай пачалі распаўсюджваць налепкі і ўлёткі ў падтрымку стратэгіі дэмакратычных сілаў на «рэферэндуме». Дзякуючы гэтаму значна больш беларусаў зможа даведацца пра тое, як трэба паводзіць сябе падчас гэтага мерапрыемства – прыйсці на «рэферэндум» і паставіць крыжыкі насупраць усіх варыянтаў.
Што вы можаце зрабіць прама зараз?
– Спампаваць налепкі і ўлёткі па спасылцы і раздрукаваць іх.
– Выбраць месца для налепкі ці ўлёткі, каб прыляпіць яе. Гэта можа быць дошка з аб'явамі, дзверы пад'езда, інфармацыйны стэнд на працы ці ва ўніверсітэце, дарожны слуп, прыпынак, ствол дрэва і г.д.
Не забывайцеся пра бяспеку. Надзявайце непрыкметную вопратку, не паказвайце свой твар на камеры відэаназірання, старайцеся не шумець і не трапляцца на вочы мінакам.
Чаму гэта важна? Бо рэжым разбурыў незалежныя медыя, і многія беларусы страцілі доступ да звыклых каналаў інфармацыі. Таму зараз крыніца інфармацыі кожны з вас. Кожны з вас даносіць альтэрнатыўны пункт гледжання грамадству.
Чым больш беларусаў даведаецца пра адзіную стратэгію, тым вышэйшыя яе шанцы на поспех. Распаўсюджвайце сумленную інфармацыю: гэта не адзіны, але важны крок да зменаў.