«29 траўня 2020 года – дзень, калі затрымалі майго мужа Сяргея Ціханоўскага. Але яшчэ гэта дзень, з якога ў Беларусі распачаліся рэпрэсіі. У адказ на іх беларусы сталі масава выходзіць на вуліцы.
Што такое салідарнасць з беларусамі праз два гады? Гэта дапамога тым, хто добраахвотнікам абараняе Украіну, нявінным зняволеным, фондам і ініцыятывам, якія збіраюць гуманітарную дапамогу. Дзякуючы гэтай салідарнасці людзі бачаць, што беларусы – не роўна рэжым. Беларусы супрацьстаяць двум дыктатарам, якія спрабуюць пераканаць нас, быццам усё прадвызначана і няма сэнсу супраціўляцца. Але гэта не так. Кожны дзень беларусы паказваюць, што клапоцяцца адно пра аднаго, абараняюць сваіх, абараняюць сваё. І, дарагія беларусы, я прашу вас 29 траўня – як і ў любы іншы дзень года – быць сабой: клапатлівымі, неабыякавымі і згуртаванымі».
Увесь тыдзень з 23 траўня прысвечаны мерапрыемствам салідарнасці з Беларуссю. Як вы можаце падтрымаць яго (і калі вы беларус, і калі не)?
- Рабіце данаты ў фонды, якія збіраюць сродкі і гуманітарную дапамогу для ўкраінцаў і беларусаў. Гэта BySol, ByMedSol, PragueSupport Team, Free Belarus Center, Беларускі Моладзевы Хаб, Цэнтр Беларускай Салідарнасці, DAR, Partyzanka і FreeShop Fundacja «ŻYVI», Беларускi крызiсны цэнтр у Львове, «Краіна для Жыцця».
- Падтрымайце беларускіх добраахвотнікаў у шэрагах УСУ: полк Каліноўскага, полк «Пагоня».
- Пішыце лісты палітвязням праз ініцыятывы «Вклеточку» ці письмо.бел. Даведацца больш пра палітвязняў можна на сайце «Вясны», dissidentby.com, politzek.me.
- Размяшчайце сцягі, графіці, банеры, плакаты, хэштэгі #StandWithBelarus і #BelarusWithUkraine у гарадах.
- Калі гэта магчыма там, дзе вы знаходзіцеся, ладзьце пікеты салідарнасці, рабіце аб'яднаныя акцыі з украінцамі.
- Расказвайце пра сітуацыю ў Беларусі, пра тое, што беларусы не роўна рэжым Лукашэнкі. Дзяліцеся навінамі пра Беларусь у сацыяльных сетках з тэгам #StandWithBelarus.