Святлана Ціханоўская: «Дарагія беларусы! Сёння многія з вас будуць адзначаць Раство – бадай, самае сямейнае з усіх хрысціянскіх святаў. У гэтую куццю я хачу пажадаць не проста дабрабыту і шчасця. Я зычу вам, каб вайна, у якую ўцягваюць нашую краіну, скончылася – і скончылася перамогай дабра. Я зычу вам, каб скончыўся палітычны і эканамічны крызіс, з-за якога больш за два гады растуць цэны і падаткі, пусцеюць паліцы крамаў і кашалькі беларусаў.
Раство – гэта свята, якое прынята сустракаць дома ўсёй сям'ёй. І я зычу, каб вашыя сем'і заўсёды былі разам – ці ўз'ядналіся як мага хутчэй, калі вы не побач. Зычу, каб вашая вера не слабела, а мацнела. Зычу, каб тое, пра што вы марыце і моліцеся, хутчэй збылося. І каб на нашай зямлі святло перамагло цемру.
Са святам, дарагія беларусы!»