«Дарагія сябры, паважаныя прадстаўнікі прэсы,
Для мяне вялікі гонар выступаць на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ад імя беларускага народа і Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі.
Я была рада сустрэцца з канцлерам Германіі Олафам Шольцам, з прэзідэнтам Урсулай фон дэр Ляен, з абраным прэзідэнтам Чэхіі Пётрам Паўлам і з многімі іншымі высокімі асобамі, якія прадстаўляюць народы, якія падтрымліваюць беларусаў.
Мы абмяркоўвалі, як прымусіць рэжым Лукашэнкі адказаць за злачынствы супраць чалавецтва і за ваенныя злачынствы ва Украіне. І як дапамагчы беларусам захаваць незалежнасць і аднавіць дэмакратыю ў нашай краіне.
Я лічу, што дэмакратычныя перамены ў Беларусі будуць найлепшай дапамогай для перамогі Украіны. Яны таксама дапамогуць спыніць кровапралітную захопніцкую вайну Пуціна. Беларусь павінна быць не крыніцай пастаянных пагроз, а надзейным партнёрам па стабільнасці і міру ў рэгіёне.
Сёння я хачу падзяліцца нашым бачаннем зменаў у Беларусі, у яе палітычнай сістэме ды міжнародных зносінах:
Першае. Беларусь выйдзе з Саюзнай дзяржавы з Расіяй. Пасля 24 лютага мы не бачым перспектываў партнёрства з Расійскай Федэрацыяй, дзяржавай, якая не паважае незалежнасць, суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць і нацыянальную самасвядомасць сваіх суседзяў. Наша мэта — пераход ад дыктатуры да дэмакратыі, а гэта немагчыма, пакуль Беларусь прыкавана да Масквы.
Другое. Беларусь выйдзе з Арганізацыі Дамовы па калектыўнай бяспецы (АДКБ) і ваеннага саюза з Расіяй. Мы не павінны быць у адным ваенным саюзе з агрэсарам. Расія выкарыстоўвае ваеннае супрацоўніцтва для маніпулявання Беларуссю ў якасці стартавай пляцоўкі для нападаў на Украіну і для пагрозы іншым суседзям. У гэты самы момант Расія праводзіць гібрыдную акупацыю Беларусі. Кожны расійскі салдат павінен неадкладна пакінуць Беларусь. І гэтага павінна патрабаваць і міжнародная супольнасць. Нелегітымная расійская ваенная прысутнасць у Беларусі з'яўляецца пагрозай не толькі для нашай краіны, але і для іншых народаў.
Усе пагадненні паміж рэжымам Лукашэнкі і Расіяй, падпісаныя пасля выбараў 2020 года, павінны быць прызнаныя несапраўднымі. Усе эканамічныя дамовы з Расіяй павінны быць перагледжаны ў адпаведнасці з нашымі нацыянальнымі інтарэсамі. Лукашэнка не мае мандата беларускага народа і не мае права нічога падпісваць ад імя Беларусі. Замест гэтага Беларусь будзе выконваць свае абавязкі ў межах міжнароднага права.
Трэцяе. Беларусь нармалізуе адносіны з іншымі суседзямі і разгарне шырокае рэгіянальнае супрацоўніцтва, асабліва з Украінай, Польшчай і краінамі Балтыі. Мы выведзем на якасны ўзровень адносіны паміж нашымі краінамі ў палітычнай, сацыяльнай, культурнай і эканамічнай сферах. Мы пачнем супрацоўніцтва ў сферы рэгіянальнай бяспекі ды знешняй палітыкі.
Чацвёртае. Беларусь будзе імкнуцца да пашырэння супрацоўніцтва з еўрапейскімі інстытутамі і краінамі ЕС. Беларусь увойдзе ў Раду Еўропы. Мы будзем распрацоўваць доўгатэрміновую стратэгію супрацоўніцтва з Еўрасаюзам. Бо Беларусь – гэта Еўропа. Мы знаходзімся ў працэсе падрыхтоўкі дэмакратычных рэформаў для нашай Новай Беларусі і будзем сачыць за тым, каб яны грунтаваліся на найлепшых еўрапейскіх практыках.
Пятае. Дэмакратычная Беларусь зробіць усе неабходныя крокі, каб стаць надзейным і адказным міжнародным партнёрам. Мы прымем новую канстытуцыю, якая не дазволіць Беларусі зноў апынуцца ў тыраніі, і пабудуе дэмакратычныя інстытуты, каб выключыць злоўжыванні ўладай.
Для гэтага патрэбна міжнародная падтрымка. Таму я заклікаю да стварэння міжнароднай кааліцыі за дэмакратычную і незалежную Беларусь. Мы запрашаем усе дзяржавы-аднадумцы далучыцца да гэтай ініцыятывы і выпрацаваць усеабдымную стратэгію дапамогі беларусам у абароне іх незалежнасці і забеспячэнні дэмакратычнага пераходу.
Дзякуй, я гатова адказаць на вашыя пытанні!»