У сваім звароце Святлана Ціханоўская перш за ўсё падзякавала Літве за дапамогу і салідарнасць, якую краіна і яе жыхары аказваюць беларусам з 2020 года. І адзначыла, што сёння беларусам як ніколі патрэбная падтрымка.
«Трэба ясна разумець: Лукашэнка – гэта не Беларусь. Не беларусы пагражаюць Літве, а рэжым і яго памагатыя. І нашая супольная задача – іх спыніць. Тыя беларусы, якія прыехалі ў Літву – больш за ўсё на свеце жадаюць вярнуцца дадому. Мы цэнім гасціннасць Літвы, але мы тут толькі часова. Беларусы ў Літве ў абсалютнай большасці удзельнічалі ў пратэстах ці падтрымлівалі іх, а зараз – падтрымліваюць Украіну.
Апошнім часам у літоўскіх медыях і інтэрнэт-прасторы абмяркоўваюць заявы невядомых правакатараў, якія прыніжаюць Літву і літоўскі народ. Падобныя антылітоўскія выказванні – маргінальныя для беларускага грамадства. Я хачу падкрэсліць нашу агульную пазіцыю: літоўская тэрыторыя і дзяржава належыць народу Літвы і больш нікому. Беларусы не маюць і ніколі не будуць мець ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій да сваіх суседзяў.
Мяне непакоіць дыскусія сярод палітыкаў, ці трэба ў адказ на прысутнасць вагнэраўцаў павялічыць абмежаванні і прыраўняць беларусаў да расіян. Сапраўды, пагроза з боку рэжыму ёсць, але міграцыйныя абмежаванні яе не вырашаць. Гэта можа найперш ударыць па прадэмакратычна настроеных беларусах. Таксама гэта сыграе на руку Крамля, які спрабуе сцерці розніцу паміж беларусамі і расейцамі. Але беларусы – не расейцы, а Беларусь не Расія. І ніколі ёй не стане», – заявіла беларуская лідарка.