Святлана Ціханоўская наведала Брусэль з працоўным візітам. Вось вынікі гэтай паездкі:
- Святлана Ціханоўская выступіла на цырымоніі ўручэння прэміі імя Сахарава, распавяла пра палітвязняў, пра Ніну Багінскую, Міколу Статкевіча, Марыю Калеснікаву, Наталлю Хершэ, а таксама забойствы Тарайкоўскага і Бандарэнкі. Заклікала свет падтрымаць Беларусь. Цырымонію глядзелі сотні тысяч чалавек.
- Абмеркавала з еўракамісарам Оліверам Вархелі пастаўкі антыкаранавіруснай вакцыны для беларускіх медыкаў. Еўракамісар паабяцаў знайсці рашэнне, як гэта можна зрабіць у найбліжэйшы час. Разглядаецца варыянт паставак двух тыпаў вакцын.
- Абмеркавала з прадстаўнікамі Еўракамісіі і Вярхоўным прадстаўніком ЕС Жазепам Барэлем запуск «Comprehensive program for Belarus» – доўгатэрміновай усёабдымнай праграмы для Беларусі, што будзе ўключаць у сябе макрадапамогу Еўрасаюза, падтрымку беларускага бізнесу і спрашчэнне візавага рэжыму. Праграма будзе прадстаўленая ў найбліжэйшыя дні.
- Прадставіла профільнай установе Еўракамісіі DG NEAR план адукацыйных праграм для рэпрэсаваных студэнтаў і моладзі, каб студэнты маглі прадаўжаць навучанне, а выкладчыкі – працу, не спыняючы барацьбу ў Беларусі. Падтрымка малому і сярэдняму бізнесу будзе зробленая ў выглядзе кансультацыйнай дапамогі ЕБРР.
- Перадала віцэ-прэзідэнтцы Еўракамісіі ў каштоўнасцях і празрыстасці Веры Юравай ліст у падтрымку прызнання ГУБАЗіК і АМАП тэрарыстычнымі арганізацыямі, пад якім падпісаліся 50 000 чалавек.
- Дамовілася павялічыць тэхнічную і фінансавую дапамогу незалежным СМІ ў Беларусі, незалежным блогерам і новым медыя. У прыватнасці, Еўрасаюз падтрымлівае стварэнне кантэнту, відэаматэрыялаў для інтэрнэту, расследавальную журналістыку.
- Дамовілася з прэм'ер-міністрам Бельгіі Аляксандрам дэ Кроа на падтрымку двухбаковых стасункаў з Беларуссю, непрызнанне Лукашэнкі легітымным лідарам. Папрасіла прэм'ера Бельгіі падтрымаць грамадзянскую супольнасць у Беларусі.
- Прапанавала прэзідэнту Еўрапарламента Давіду Сасолі стварыць Місію ў справах Беларусі ў Еўрапарламенце з удзелам былых і дзейных лідараў Еўропы.
- Прапанавала Еўрасаюзу разгледзець магчымасць спрашчэння візавага рэжыму для Беларусі.