Святлана Ціханоўская: «Сёння дзень народзінаў у Марфы Рабковай, але яна не сустрэне яго разам з сям'ёй ці сябрамі. Марфа – праваабаронца, валанцёрка і каардынатарка добраахвотніцкай службы «Вясны» – была затрымана 17 верасня і да гэтага часу знаходзіцца ў СІЗА.
Яе абвінавацілі ў тым, што яна рыхтавала людзей «для ўдзелу ў масавых беспарадках». Цяпер ёй пагражае да трох гадоў турмы. За што? Мабыць, за тое, што Марфа рабіла маніторынг судоў і фіксавала факты катаванняў у месцах зняволення, а перад выбарамі навучала назіральнікаў. «Яна працавала шмат-шмат, суткамі – з 7 раніцы да 3 начы. Казала: «Людзі прыйшлі назіраць за выбарамі, разумеючы ўсю небяспеку. Адзінае, чым я магу дапамагчы, – проста быць побач», – распавядае яе каляжанка Дар’я.
У апошні час Марфа займалася перадачамі для зняволеных, адсочвала, каб яны своечасова атрымлівалі лекі і набор прадуктаў. Ведала, хто з іх што любіць. І вось за гэта яна апынулася ў турме.
Праз адваката Марфа распавяла, што доўгі час ёй не перадавалі ні газеты, ні лісты. Бацькоў на спатканне з ёй не пускаюць. Нават смерць бабулі ад каронавіруса не дазволіла ім убачыцца з Марфай. Яе камера – невялікая, замест унітаза – дзірка ў падлозе, але дзяўчына піша, што ўсё вытрымае, бо верыць, што «праўда і справядлівасць пераможа».
Кожны з нас можа напісаць Марфе ліст і павіншаваць яе з днём народзінаў. Яна заслугоўвае нашай падтрымкі, як і кожны палітвязень».
Не забывайцеся на сайт http://politzek.me, на якім вы можаце знайсці гісторыю палітвязня, яго дадзеныя для ліста і дакладны адрас. А дзякуючы сайту http://vkletochku.org вы можаце адправіць лісты ананімна з любой краіны свету.