Падчас візіту ў Вену Святлана Ціханоўская сустрэлася з Майклам Карпентэрам, амбасадарам ЗША пры АБСЕ. Яна падзякавала амбасадару за падтрымку Маскоўскага механізма АБСЕ па Беларусі, а таксама за ўдзел у міжнародным дні салідарнасці з палітвязнямі.
Абмяркоўвалі магчымыя крокі па вызваленні палітвязняў, а таксама знікненне зняволеных палітычных лідараў, з якімі няма сувязі некалькі месяцаў. Гаварылі пра магчымыя юрыдычныя захады па прыцягненні рэжыму да адказнасці і саўдзел рэжыму ў вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў у Беларусь. Ціханоўская прапанавала задзейнічаць усе існыя механізмы АБСЕ і міжнародных судоў, у тым ліку Міжнародны суд ААН і Міжнародны крымінальны суд.
Асобна абмяркоўвалі праблему знішчэння беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, парушэння моўных правоў, расійскай дамінацыі ў інфармацыйнай прасторы. Ціханоўская таксама прапанавала правесці мерапрыемствы пад эгідай АБСЕ на гэтую тэму ў бліжэйшыя месяцы.