Шаноўныя сябры,
Drodzy przyjaciele,
Дорогі друзі!
Я рада вітаць вас ва Вроцлаве – горадзе свабодных людзей. Менавіта тут 55 гадоў таму пачаліся беспрэцэдэнтныя пратэсты. Пачаліся яны з таго, што ўлады знялі з рэпертуару «Дзяды» Адама Міцкевіча, бо палічылі гэты твор антысавецкім. Акцыі супраць цэнзуры перараслі ў мітынгі за свабоду, і шматтысячныя сілы міліцыі і спецслужбаў не змаглі з імі нічога зрабіць.
Пазней, у 1989-м, тут пранеслася хваля пратэстаў супраць камуністычнай улады, а неўзабаве не стала і гэтай улады.
Гэты горад не мірыўся з тыраніяй і несправядлівасцю, стаў горадам надзеі і салідарнасці. Тыя палякі, якія выходзілі тут, ва Вроцлаве, супраць камуністычнай тыраніі – не мелі зброі. Яны не ведалі, калі гэты кашмар скончыцца. Але яны выходзілі на вуліцы, бо ведалі, што гэта правільна.
Гэтак жа і мы не павінны мірыцца з тыраніяй. Мы выходзім на акцыі салідарнасці – з Украінай і дэмакратычнай Беларуссю – таму, што гэта правільна. Салідарнасць – гэта тое, што ў нас немагчыма адабраць. Салідарнасць – гэта тое, чаго так баяцца дыктатары, Лукашэнка і Пуцін.
На жаль, у нас няма чароўнай палачкі, каб спыніць вайну ва Украіне. У нас няма ключоў, каб вызваліць людзей з турмаў у Беларусі. І мы не можам ведаць, калі гэты кашмар скончыцца. Але мы будзем рабіць усё магчымае, каб наблізіць гэты дзень. Вярнуць у нашыя краіны мір, закон і свабоду.
Тое, што адбываецца ў Беларусі і ва Украіне – гэта спроба тыраніі ўзяць рэванш. Расея спрабуе аднавіць імперыю – вялікую турму народаў. Зноў загнаць нашыя народы ў рабства і галечу. Але ў іх нічога не атрымаецца.
Беларусы і ўкраінцы зрабілі свой выбар – мы хочам быць часткай вялікай свабоднай Еўропы, а не агрэсіўнага і варварскага «русского мира». Палякі прайшлі гэты шлях – зможам прайсці і мы.
Каб перамагчы, нам нельга паддавацца апатыі. Неабходна падтрымліваць нашых сяброў у барацьбе. Важна нагадваць свету пра беларускіх палітвязняў і падтрымліваць Украіну на полі бою, як гэта робяць добраахвотнікі з Палка Каліноўскага.
Каб перамагчы, трэба ўмацоўваць нашу беларускую супольнасць і аб’ядноўвацца. Як казаў Вітольд Ашурак: беларус беларусу беларус, дзе б мы ні былі. Кожны беларус табе сябра, бо ты таксама беларус.
Каб перамагчы, нам важна заставацца самімі сабой. Умацоўваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць. І я радая, што беларусы Вроцлава дасягаюць у гэтым поспехаў: як на палітычным, так і культурным фронце.
Сёння тут, ва Вроцлаве, адбываецца адзінаццаты па ліку фестываль Незалежнай беларускай культуры. Гэты фестываль умацоўвае сяброўскія адносіны паміж беларусамі і палякамі, якія рэжым спрабуе разбурыць.
Я шчыра дзякую ваяводству, і ў прыватнасці спадару Тытусю Чартарыскаму – а таксама ўладам Вроцлава за падтрымку фестываля. Дзякуй і яго арганізатарам: Суполцы беларусаў Вроцлава, Таццяне Івановай, Яну Маркаву, Францу Аслаўскаму і іншым. Гэта гонар для мяне, паспрыяць гэтай цудоўнай ініцыятыве.
Дарагія сябры,
Ужо тысячу дзён знаходзіцца за кратамі адна з нашых беларускіх гераіняў – смелая жанчына, маці дваіх дзяцей, актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк. Ні катаванні, ні карцар, ні спроба змясціць у вар’ятню не зламалі яе.
Сёння мы праводзім флэшмоб у яе падтрымку. Я хацела б папрасіць усіх прысутных далучыцца да яго. Нам трэба разам сказаць: «Я Паліна».
Давайце гэта зробім зараз разам!
(Людзі ў натоўпе крычаць: «Я Паліна!»)
Няхай Паліна ведае, што мы пра яе памятаем. Увесь свет памятае пра яе. І мы зробім усё, каб і Паліна, і ўсе палітвязні найхутчэй вярнуліся дадому!
Дзякуй вам за вашу салідарнасць!
Жыве Беларусь! Слава Украіне!