«Сёння Мікалаю Статкевічу спаўняецца 69 гадоў. Арганізатар адных з першых масавых акцыяў пратэсту супраць самавольства рэжыму ў 90-х гадах, лідар Еўрапейскай кааліцыі «Вольная Беларусь», адкрыты выкрывальнік фальсіфікацыяў на выбарах і змагар за дэмакратыю — гэты чалавек прысвяціў сваё жыццё Беларусі і яе народу. Як «узнагародзіў» яго рэжым за намер удзельнічаць у актыўным палітычным жыцці краіны? Неаднаразовыя арышты, несправядлівыя зняволенні і рэжым «інкамунікада». Вось ужо 915 дзён сям’я палітычнага дзеяча не атрымлівае ад яго ніякіх звестак. За гэтыя гады без сувязі ў Мікалая памёр бацька. Невядома, ці ведае ён пра гэта…
Такім людзям, як Мікалай, у Беларусі даводзіцца вельмі цяжка. Іх абвостранае пачуццё справядлівасці, рашучасць, сумленнасць і салідарнасць не цэняцца ў краіне, дзе рэжым чакае ад грамадзянаў толькі маўклівай пакорлівасці. Але менавіта дзякуючы людзям з такімі якасцямі Беларусь жыве — і мае надзею на свабодную будучыню. Ягоная дзейнасць не прайшла бясследна: яна натхніла цэлыя пакаленні беларусаў, што працягваюць ісці па яго слядах. Мы не маем права забываць пра такіх асаблівых людзей. Пакуль яны ў няволі, мы мусім працягваць працу, каб Мікалай і ўсе палітвязні вярнуліся дадому».