ЗВАРОТ ДА БЕЛАРУСАЎ. 9 жніўня, у гадавіну прэзідэнцкіх выбараў, Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў і беларусак: «Мы прайшлі праз выпрабаванні, але загартаваныя вынеслі з іх новы досвед. І працягваем рухацца. Я разумею: гэта цяжка. І з кожным новым выклікам усё складаней захоўваць цвёрдасць крокаў. Але гэта толькі наш выбар: абясцэніць зробленае за тры гады, расчаравацца ў сабе і ў сваёй нацыі. Ці захаваць у памяці ўсе важныя моманты, зберагчы ў сэрцы тых, каго мы страцілі на гэтым шляху. І працягнуць ісці наперад з любоўю да тых, хто ідзе побач і з верай у тых, хто будзе пасля нас».
ДЗЕНЬ САЛІДАРНАСЦІ З БЕЛАРУСЬЮ. 9 жніўня беларусы і беларускі па ўсім свеце разам адзначылі Дзень Салідарнасці. Беларусы Літвы, Польшчы, Грузіі, Амерыкі, Чэхіі і іншых краінаў свету, выйшлі на акцыі салідарнасці. Далучыліся і беларусы з Беларусі, хоць гэта вельмі небяспечна для іх. Беларуская лідарка выступіла на мітынгу ў Вільні і ўзяла ўдзел у шэсці.
Святлана Ціханоўская падзякавала ўсім беларусам і беларускам, якія далучыліся і выказалі сваю салідарнасць: «Дзякуй кожнаму і кожнай з вас за тое, што памятаеце пра нашых палітвязняў, падтрымліваеце адно аднаго, але галоўнае – не губляеце любові да роднай Беларусі. Ведаеце, кожны дзень я адчуваю вашую падтрымку. Без яе нават не магу ўявіць сабе, як бы працягвала працу. Але ведаю: я не адна. І як бы цяжка часам не было, памятайце, мы разам крок за крокам ідзем да зменаў. Дзякуй за тое, што вы побач. Жыве Беларусь!»
БЕЛАРУСЬ-ЛІТВА. Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам у прэзідэнцкім палацы ў Вільні. Яна падзякавала Літве за прыняццё дзясяткаў тысячаў беларусаў і сотні арганізацый, якія былі вымушаныя выехаць з краіны праз рэпрэсіі. І заклікала прэзідэнта Науседу не ўраўноўваць абмежаванні супраць беларусаў і расіянаў. Ціханоўская падкрэсліла, што разумее рызыкі, звязаныя з магчымай дзейнасцю агентаў рэжыму, але гэта не павінна ўдарыць па беларусах, што не падтрымліваюць Лукашэнку і Расію, а такіх абсалютная большасць. Замест гэтага яна прапанавала пашыраць спіс індывідуальных санкцыяў супраць памагатых рэжыму.
САЛІДАРНАСЦЬ З ПАЛІТЗНЯВОЛЕНЫМІ. 12 жніўня, у дзень народзінаў Мікалая Статкевіча, Святлана Ціханоўская распавяла у якіх жудасных умовах ён знаходзіцца і выказала словы падтрымкі: «Больш за паўгады палітык застаецца без лістоў, без медычнай дапамогі, без кансультацый адваката, без кантакту з блізкімі. А свае 67-я народзіны сустракае ў адзіночнай камеры памерам з кабіну ліфта. Лукашэнкаўскі рэжым імкнецца зламаць Статкевіча. Але Мікалай – чалавек з моцным духам, цвёрдым характарам і воляй у душы. Пра гэта сведчаць яго жыццёвая пазіцыя і учынкі. Сёння я б хацела пазычыць яму моцнага здароўя і як мага хутчэй апынуцца побач са сваёй жонкай, дзецьмі і паплечнікамі».
ДАКУМЕНТЫ КАНФЕРЭНЦЫІ НОВАЯ БЕЛАРУСЬ 2023. На канферэнцыі Новай Беларусі дэмакратычныя сілы прынялі чатыры дакументы, якія прайшлі распрацоўку на круглым стале дэмсілаў 5 жніўня.
«Дэкларацыя аб сяброўстве Беларусі ў Еўрапейскім саюзе» дэкларуе геапалітычны выбар краіны і заахвочвае дэмсілы да супрацоўніцтва з Еўрасаюзам у разнастайных галінах.
«Рэзалюцыя дэмакратычных сілаў Беларусі пра салідарнасць з народам Украіны» – маніфест падтрымкі ўкраінскаму народу ў змаганні з пуцінскай Расіяй і асуджэння рэжыму Лукашэнкі як саўдзельніка агрэсіі.
«Палітычная дэкларацыя дэмакратычных сілаў Беларусі» акрэслівае ключавыя пункты стратэгічнай працы, якая павінна прывесці да дэмакратычных зменаў у Рэспубліцы.
«Заява аб выбарах 2024 года» заклікае грамадзянаў Беларусі не ўдзельнічаць у кампаніі, зладжанай рэжымам, а міжнародную супольнасць – не прызнаваць яе вынікі.
РАЗМОВЫ З БЕЛАРУСАМІ. Кожны тыдзень Святлана Ціханоўская праводзіць асабістыя размовы з беларусамі праз Zoom, але на гэтым тыдні яны прайшлі ў фармаце жывога эфіра. Увечары 9 жніўня беларуская лідарка выйшла ў прамы эфір са сваёй старонкі ў Інстаграм. Паглядзець запіс эфіра можна па спасылцы.
ВАЛАНЦЁРЫ ОФІСА. 8 жніўня Валанцёры Офіса правялі размову з гісторыкам Яўгенам Красуліным, каб абмеркаваць захаванне гістарычнай спадчыны і сусветны досвед змагання з дыктатарамі.
КІРМАШ ІНІЦЫЯТЫВАЎ. У чэрвені 2023 года Офіс Святланы Ціханоўскай ладзіў імпрэзу «Яднайся» у Варшаве. Да мерапрыемства далучыліся больш за 20 беларускіх грамадскіх арганізацыяў і ініцыятываў. І вось праз два месяцы, 12 жніўня, моладзевая арганізацыя «РАДА» правяла свой маркет у Вільні. Там былі розныя беларускія ініцыятывы: Вольныя паштоўкі, Экадом, Валанцёрская служба «Вясны», Новыя рэгіёны, ЦНІ і іншыя. Праходзілі майстар-класы, кірмаш сацыяльных ініцыятываў і рамеснікаў, а для дзяцей былі арганізаваныя спецыяльныя пляцоўкі і праграма.
МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Rzeczpospolita (Польшча), Новости TV3 Plus (Літва), Polsat (Польшча), Радыё Рацыя (Беларусь), TVP-World (Польшча), DW (Беларусь), Standaard (Бельгія), Delfi (Латвія), Radio Unet 1, 2 (Беларусь), Doorbraak (Бельгія).