Падчас візіту ў Лондан беларуская лідарка правяла брыфінг для амбасадараў 24 краінаў Еўрасаюзу. Яна папрасіла дзяржавы, што былі прадстаўленыя на сустрэчы, далучыцца да групы сяброў Беларусі ў АБСЕ, а таксама прызначыць спецыяльных пасланнікаў для працы з дэмакратычнай Беларуссю замест таго, каб адпраўляць амбасадараў у Мінск.
Святлана Ціханоўская папрасіла падтрымаць беларусаў за мяжой, якія рызыкуюць застацца без пашпартоў і дакументаў у выніку новых законаў. «Рашэннем праблемы можа стаць пашпарт новай Беларусі. Мы плануем пачаць выдачу пашпартоў у наступным годзе і будзем прасіць урады вашых краінаў прызнаць іх», – адзначыла беларуская лідарка.
Таксама яна заклікала еўрапейскія краіны не прызнаваць легітымнымі выбары-2024, да якіх ужо рыхтуецца рэжым. Ціханоўская прапанавала працягваць працу па прыцягненні злачынцаў да адказнасці: «Нашыя міжнародныя партнёры сабралі дастатковую колькасць доказаў, каб распачаць справы па ўніверсальнай юрысдыкцыі супраць прадстаўнікоў рэжыму».