Паважаная спадарыня Маргарэта Сёдэрфельт,
Паважаны пан Б'ёрн Сёдэр,
Паважаны пан Маркус Віхель,
Паважаныя чальцы дэлегацый ПА АБСЕ і ПАСЕ,
Сябры,
Як вы ведаеце, да цудоўнага горада Стакгольма я прыехала на цырымонію ўручэння прэміі Ганны Лінд. Але гэтая прэмія насамрэч не для мяне, а для ўсіх беларусаў, якія змагаюцца супраць тыраніі Пуціна і Лукашэнкі. Ганна Лінд была вялікім чалавекам і дзяржаўным дзеячам. Яна верыла ў свабоду, правы чалавека і справядлівасць. Беларусы змагаюцца за тыя самыя каштоўнасці, якія былі так важныя для Ганны Лінд.
Я хачу падзякаваць кожнаму і кожнай з вас за вашу падтрымку ў такі няпросты для нас час. Дзякуй Вам за рэзалюцыі, прынятыя ў Страсбургу і Ванкуверы. Цяпер трэба думаць пра тое, як іх рэалізаваць і дапамагчы беларусам у выгнанні і як абараніць нашу незалежнасць і суверэнітэт.
Мне б вельмі хацелася сказаць, што сітуацыя змянілася ў лепшы бок, – але гэта не так. Колькасць палітычных зняволеных толькі павялічылася. Умовы ўтрымання ў турмах сталі толькі больш суровымі. Паводле некаторых паведамленняў, у Беларусі ўжо размешчаная расійская ядзерная зброя. У краіне застаецца да 2000 расійскіх вайскоўцаў, хоць лёс ПВК «Вагнер» пасля смерці Прыгожына не вызначаны.
Лукашэнка рэпрэсуе не толькі людзей унутры краіны, але і тых, хто знаходзіцца ў выгнанні. На мінулым тыдні Лукашэнка забараніў амбасадам падаўжаць дзейнасць беларускіх пашпартоў за мяжой. Праз гэтае рашэнне сотні тысяч людзей могуць застацца без нацыянальнага пашпарту, калі для атрымання новага не паедуць у Беларусь. А ў Беларусі іх могуць пераследваць за іх палітычныя погляды, праз якія яны і пакінулі краіну.
Гэта асабістая помста Лукашэнкі беларусам, якія выйшлі на пратэсты супраць яго ў 2020 годзе. І праз ягоную помсту рэзка пагаршаецца нашае становішча. Штодня мне прыходзяць сотні просьбаў аб дапамозе – як ад людзей унутры краіны, так і за яе межамі. І, каб адказаць на гэтыя просьбы, мне патрэбна ваша падтрымка.
- Па-першае, я заклікаю вас знайсці ў Швецыі спосаб прымянення на практыцы рэзалюцыі ПАРЕ, асабліва яе пунктаў 23 і 24.
- Па-другое, трэба даць грамадзянам Беларусі спосабы легалізацыі знаходжання за мяжой без звароту да лукашэнкаўскіх структур. Такім спосабам можа стаць афіцыйнае прызнанне шведскімі ўладамі новага беларускага пашпарта. Мы плануем пачаць выдачу альтэрнатыўных дакументаў ужо ў наступным годзе, каб людзі не заставаліся без пашпартоў. Наш новы пашпарт будзе пацвярджаць, што яго ўладальнік – грамадзянін Беларусі, які жыве ў выгнанні.
- Па-трэцяе, прашу вас паспрыяць адкрыццю спраў супраць Лукашэнкі ў міжнародных і нацыянальных судах. Лукашэнка падазраецца ў адданні загаду на выкраданне і забойства чатырох сваіх палітычных апанентаў у 1999 годзе. Гэта было зафіксавана ў дакладзе ПАРЕ ад 2004 года. Нядаўна ў швейцарскім судзе была адкрытая справа супраць Юрыя Гараўскага, які быў у складзе лукашэнкаўскага «эскадрону смерці». Гэта важны прэцэдэнт. Мы спадзяемся, што справядлівасць пераможа, і ў еўрапейскіх судах будуць адкрытыя і новыя справы супраць памагатых Лукашэнкі. У лукашэнкаўскіх турмах загінула шмат людзей. Апроч таго, ёсць доказы таго, што беларускія ўлады бралі ўдзел у незаконным выкраданні ўкраінскіх сірот з акупаваных Расіяй тэрыторый.
Я таксама заклікаю чальцоў парламента далучыцца да кампаніі Libereco і стаць сімвалічнымі хроснымі бацькамі для беларускіх палітвязняў. Іх не менш за паўтары тысячы, а хросныя бацькі ў асобе еўрапейскіх парламентарыяў ёсць толькі ў 390 з іх. Вы можаце пісаць пра іх у Твітэры ці адпраўляць лісты іх сем'ям. Гэта пяць хвілін вашага часу, але велізарная падтрымка для тых, хто знаходзіцца за кратамі.
Я таксама спадзяюся атрымаць запрашэнне выступіць на традыцыйнай зімовай сустрэчы ПА АБСЕ, якая адбудзецца ў лютым у Вене. ПА АБСЕ павінна заявіць, што не прызнае тую імітацыю парламенцкіх выбараў, якую Лукашэнка плануе правесці ў Беларусі 25 лютага.
Дарагія сябры, я не магу не сказаць, наколькі я ўдзячная Швецыі. Шведскія парламентарыі падтрымліваюць нас усюды і заўсёды – на кожным мерапрыемстве, на кожным форуме. Мы гэта бачым і адчуваем. І мы ніколі гэта не забудзем.
Шчыра дзякую вам.