Увечары 12 снежня ў штаб-кватэры Рады ЕС і Еўракамісіі ў Бруселі адбудзецца шэраг сустрэчаў вышэйшага ўзроўня: дэмакратычныя сілы Беларусі сустрэнуцца з кіраўніцтвам Еўропы.
Першая – гэта перамовы Святланы Ціханоўскай і кіраўніцы Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен. 28 траўня фон дэр Ляен абвясціла Ціханоўскай пра зацвярджэнне Плана дапамогі ЕС для дэмакратычнай Беларусі ў памеры 3 мільярдаў еўра. Але цяпер падчас першай асабістай сустрэчы яны абмяркуюць развіццё адносінаў Беларусі і ЕС зараз і пасля сыходу Лукашэнкі.
Другая – перамовы Святланы Ціханоўскай і прэзідэнта Еўрапейскай рады Шарля Мішэля. Яны абмяркуюць удзел Беларусі ва Усходнім партнёрстве, а таксама стратэгію ЕС па Беларусі.
Трэцяя – шматбаковая сустрэча высокага ўзроўня паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і міністрамі краін ЕС пад старшынствам вярхоўнага прадстаўніка па знешняй палітыцы ЕС Жазэпа Барэля і з удзелам прэзідэнта Еўрапейскай рады Шарля Мішэля. Барэль ладзіць сустрэчу напярэдадні саміта Усходняга партнёрства, каб узгадніць фармат удзелу беларускай грамадзянскай супольнасці ва Усходнім партнёрстве і іншых праграмах ЕС.
Разам з Ціханоўскай на сустрэчы дэмакратычныя сілы прадставяць кіраўнік НАК Павел Латушка, прадстаўнік КР па грамадзянскай супольнасці і адзін з лідараў Беларускай нацыянальнай платформы (БНП) Андрэй Ягораў, прадстаўніца КР па інавацыйным бізнесе Таццяна Марыніч, прадстаўнік каманды Віктара Бабарыкі Іван Краўцоў, прадстаўнікі «Вясны», медыя, бізнес-супольнасці і дыяспараў.
Таксама на сустрэчы абмяркуюць:
– як падтрымаць грамадзянскую супольнасць у падрыхтоўцы пераходнага перыяду ў Беларусі, каб мінімізаваць памылкі;
– якімі могуць быць сцэнары пачатку ў Беларусі нацыянальнага дыялогу пра новыя выбары;
– як дапамагчы Беларусі ў распрацоўцы эканамічных і сацыяльных рэформаў пасля правядзення свабодных выбараў.