Сёння Святлана Ціханоўская і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда правялі афіцыйную сустрэчу ў Варшаве.
Тэмы, якія яны абмеркавалі:
– Дапамога беларусам, якія пакінулі краіну з-за пераследу рэжыму. Найбліжэйшым часам будуць унесеныя змены ў польскае заканадаўства, каб спрасціць умовы знаходжання беларусаў, вымушаных з'ехаць у Польшчу. Іх колькасць ацэньваецца ў 180 тысяч чалавек.
– Дапамога незалежным медыя і грамадзянскай супольнасці Беларусі (праграма Каліноўскага, тэлеканал Белсат).
– Дапамога сем'ям палітвязняў – тым, хто застаецца ўнутры краіны, і тым, хто выехаў з Беларусі.
– Бліжэйшыя прысуды – па справе Ціханоўскага, Эдуарда Пальчыса і іншых палітвязняў.
– Сітуацыю на мяжы Беларусі і ЕС. Ціханоўская адзначыла: вельмі важна данесці да міжнароднай супольнасці, што менавіта рэжым Лукашэнкі вінаваты ў міграцыйным крызісе і ён павінен панесці адказнасць за гэтыя злачынствы і выкарыстанне людзей. Ніякі крызіс не вырашыцца, пакуль Лукашэнка трымае ўладу.
Святлана Ціханоўская расказала пра падрыхтоўку да «рэферэндуму» і адзіную пазіцыю дэмакратычных сілаў: «Наша задача – мабілізаваць людзей, даць ім энергію і натхненне. Мы хочам выкарыстоўваць гэты незаконны «рэферэндум», каб вынесці вотум недаверу рэжыму і ўзняць актыўнасць людзей. Важна, што дэмакратычныя сілы прынялі агульную стратэгію і дзейнічаюць разам, гэта таксама прыклад для міжнароднай супольнасці – дзейнічаць супраць нелегітымнага рэжыму супольна».
Таксама Ціханоўская і Дуда дамовіліся разам падпісаць сёння паштоўкі для палітвязняў у Беларусі.