На сустрэчы з дырэктарам дэпартамента ўцякацкіх працэдураў кіраўніца аддзела прававой дапамогі Цэнтра Беларускай Салідарнасці Вольга Дабравольская і Крысціна Рыхтэр – в. а. прадстаўніка па прававых пытаннях Офіса Святланы Ціханоўскай узнялі пытанні легалізацыі знаходжання беларусаў, якія прыбылі з Украіны ў сувязі з пачаткам расійскай ваеннай агрэсіі, а таксама пытанні прадастаўлення міжнароднай абароны для рэпрэсаваных асобаў.
Дырэктар Анджэй Карпяк заявіў, што канцэптуальна стаўленне да беларускіх грамадзянаў застаецца ранейшым, а ўсе затрымкі ў адміністрацыйных працэдурах звязаныя толькі з высокай загружанасцю Упраўлення па справах замежнікаў.
Дырэктар дэклараваў падтрымку ўсіх беларусаў у Польшчы, заклікаў не паддавацца паніцы і ўстрымацца ад падачы заяў аб прадастаўленні часовага віду на жыхарства ў ваяводскія ўпраўленні, калі ў Вас няма дакументальна пацверджанай мэты знаходжання ў адпаведнасці з дадзеным відам легалізацыйнай працэдуры.
Грамадзяне Беларусі, якія легальна знаходзіліся на тэрыторыі Украіны на момант 24 лютага 2022 г. і выехалі ў ЕС у сувязі з пачаткам вайны ва Украіне, аўтаматычна падпадаюць пад дзеянне Рашэння Рады ЕС аб прадастаўленні такім катэгорыям асобаў часовай абароны – https://eur-lex.europa.eu/legal-content/PL/TXT/PDF/?uri=CELEX:52022PC0091&from=EN
- Хто будзе абаронены на падставе рашэння Рады ЕС?
– грамадзяне Украіны, якія пражываюць ва Украіне і былі вымушана перамешчаныя, пачынаючы ад 24 лютага 2022 г. у выніку ўварвання расійскіх узброеных сілаў, якое адбылося ў той дзень;
– грамадзяне трэціх краінаў, а таксама асобы без грамадзянства, якія легальна знаходзіліся ва Украіне, якія былі вымушана перамешчаныя пачынаючы ад 24 лютага 2022 г. у выніку ўварвання расійскіх узброеных сілаў, якое адбылося ў той дзень, і якія не могуць бяспечна і на працяглы перыяд вярнуцца на тэрыторыю краіны ці рэгіёна свайго паходжання ў сувязі з сітуацыяй, якая склалася ў гэтай краіне паходжання. Сюды могуць уваходзіць асобы, якія на момант падзей, якія прывялі да масавага прытоку перамешчаных асобаў, карысталіся статусам ўцекача або раўназначнай абаронай ва Украіне, або звярнуліся па наданне такой абароны. Грамадзяне трэціх краінаў, якія легальна пражывалі ва Украіне на працягу доўгага часу падчас падзей, якія прывялі да масавага прытоку, павінны карыстацца часовай абаронай незалежна ад таго, ці могуць яны бяспечна і на працяглы перыяд вярнуцца ў сваю краіну ці рэгіён паходжання, а таксама
– чальцы сем'яў дзвюх вышэйзгаданых катэгорый асобаў, пры ўмове, што гэтыя сем'і ўжо існавалі ва Украіне на момант узнікнення абставінаў, якія прывялі да масавага прытоку перамешчаных асобаў, незалежна ад таго, ці зможа чалец сям'і бяспечна і на працяглы перыяд вярнуцца ў краіну свайго паходжання. У адпаведнасці з Дырэктывай Рады 2001/55/WE чальцам сям'і з'яўляецца муж/жонка, партнёр/партнёрка асобы, якая належыць да дзвюх вышэйзгаданых катэгорый асобаў; малалетнія дзеці асобаў, якія не знаходзяцца ў шлюбе, належаць да дзвюх вышэйзгаданых катэгорый або мужа і жонкі такіх асобаў, незалежна ад таго ці былі яны народжаныя ў шлюбе або былі ўсыноўленыя; іншыя блізкія сваякі, якія жылі сумесна як адна сям'я ў перыяд, калі наступілі абставіны, якія прывялі да масавага наплыву перамешчаных асобаў, і якія былі часткова ці цалкам на ўтрыманні асобаў, якія належаць да дзвюх вышэйзгаданых катэгорый.
- Што на практыцы гэта азначае для беларусаў?
1. Няма неабходнасці легалізоўваць сваё знаходжанне на працягу 15 дзён з моманту ўезду на падставе згоды каменданта памежнай службы, а тым больш падаваць заявы ў ваяводскія ўпраўленні аб прадастаўленні ВНЖ не маючы мэты знаходжання (праца, вучоба, уз'яднанне з чальцом сям'і і інш.).
2. На дадзены момант у Польскім парламенце на разглядзе знаходзіцца спецыяльны закон па абароне грамадзянаў Украіны на тэрыторыі Польшчы, які ў прыватнасці будзе ўносіць змены ў закон аб часовай абароне. На практыцы гэта азначае, што на падставе закону аб часовай абароне на ўсе катэгорыі асобаў, указаных у Рашэнні Рады ЕС, будзе аўтаматычна распаўсюджвацца часовая абарона.
3. Дырэктар дэпартамента ўцякацкіх працэдураў таксама заявіў, што ў катэгорыю асобаў, якія доўга знаходзіліся на тэрыторыі Украіны, будуць таксама ўключаныя наступныя групы грамадзянаў:
– грамадзяне Беларусі, якія маюць часовы від на жыхарства ва Украіне;
– грамадзяне Беларусі, якія маюць пастаянны від на жыхарства ва Украіне;
– грамадзяне Беларусі, якія атрымалі і хадайнічаюць аб прадастаўленні міжнароднай абароны ва Украіне;
– грамадзяне Беларусі, якія легальна знаходзяцца на тэрыторыі Украіны на працягу 180 дзён на падставе рашэння Кабінета міністраў Украіны ад снежня 2020 года, да 31 снежня 2021 года (бязвізавы рэжым).
Часовая абарона не будзе распаўсюджвацца на асобаў, якія нелегальна знаходзіліся на тэрыторыі Украіны і заехалі ў ЕС на падставе згоды каменданта памежнай службы. Дадзеныя замежнікі могуць хадайнічаць аб прадастаўленні міжнароднай абароны ў Польшчы, калі ў краіне паходжання яны зведалі або могуць зведаць пераслед.
- Кампетэнтны орган
Упраўленне па справах Замежнікаў (Taborowa 33)
- Працэдура
На дадзены момант яшчэ не распрацаваная працэдура пацверджання статусу часовай абароны, аднак Упраўленне плануе максімальна спрасціць або аўтаматызаваць гэтую працэдуру, паколькі гэта будзе толькі пацвярджаць, што заяўнік знаходзіцца пад часовай абаронай згодна з рашэннем Рады ЕС.
Меркаваны тэрмін дзеяння часовай абароны будзе складаць 1 год.
Часовая абарона будзе распаўсюджвацца на тэрыторыі ўсіх краінаў ЕС, аднак калі Вы хочаце пацвердзіць свой статус часовай абароны на тэрыторыі іншай за Польшчу краіны ЕС, Вам неабходна звярнуцца ў кампетэнтныя органы дадзенай краіны. Нашыя рэкамендацыі датычацца толькі асобаў, якія плануюць заставацца на тэрыторыі Польшчы.
- Неабходныя дакументы
На гэты момант яшчэ не распрацаваная форма заявы і пералік неабходных дакументаў, тым не менш, ужо цяпер мы ведаем, што гэта будзе:
– дакумент, які пацвярджае асобу і пацвярджае грамадзянства (напрыклад, пашпарт, пасведчанне аб нараджэнні, пасведчанне кіроўцы або даведка, выдадзеная ўкраінскім ці беларускім дзяржаўным органам). Мы перадалі ў дэпартамент інфармацыю пра тое, што многія беларусы не маюць пры сабе пашпартоў з тых ці іншых прычынаў, на што нас запэўнілі, што гэта не стане перашкодай да прызнання статусу часовай абароны.
– пацвярджэнне легальнага знаходжання ва Украіне па стане на 24 лютага 2022 г. (напрыклад, дакументы пацвярджаюць наяўнасць віду на жыхарства, пашпарт з адзнакай аб легальным уездзе ва Украіну тэрмінам менш за 180 дзён, часовыя дакументы, выдадзеныя асобам, якія хадайнічаюць аб прадастаўленні абароны).
– пацвярджэнне перасячэння Украінскай мяжы ў бок ЕС пасля 24 лютага 2022 г.
- Як гэта будзе працаваць?
Будзе створаная агульная сістэма, у якой будуць рэгістравацца асобы, на якіх распаўсюджваецца часовая абарона і такім асобам будзе выдавацца пацвярджэнне часовай абароны. Працэдура гарантуе доступ да рынку працы, аднак не прадугледжвае выдачы дадатковых дакументаў, такіх як, напрыклад, картка побыту.
На сённяшні дзень папраўкі ў Закон яшчэ не прынятыя, аднак Дырэктар Карпяк заклікае чакаць прыняцця адпаведных мераў і распрацоўкі працэдураў і не паддавацца паніцы. Упраўленне па справах іншаземцаў, МЗС і Канцылярыя Прэзідэнта запэўнілі нас, што ніякія санкцыі не будуць прымененыя да асобаў, якія ўехалі на тэрыторыю Польшчы ў сувязі з вайной ва Украіне, а ў выпадку эксцэсу прасілі інфармаваць іх для як мага больш хуткага ўрэгулявання падобных сітуацый.
- Хто будзе абаронены на падставе спец. закону?
– грамадзяне Украіны, якія прыбылі ў Польшчу ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі на тэрыторыі іх дзяржавы;
– грамадзяне Украіны, якія маюць карту паляка і якія разам з блізкімі сваякамі прыбылі ў Польшчу ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі на тэрыторыі іх дзяржавы;
– сужэнцы грамадзянаў Украіны, якія не маюць украінскага грамадзянства, пры ўмове, што яны прыбылі на тэрыторыю Польшчы непасрэдна з тэрыторыі Украіны ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі.
- Што гэта азначае на практыцы?
Такую абарону на падставе спецыяльнага закону змогуць атрымаць грамадзяне Беларусі – сужэнцы, партнёры і блізкія сваякі грамадзянаў Украіны.
- Кампетэнтныя органы
Ваяводскія ўпраўленні і мясцовыя органы самакіравання.
***
Пасля прыняцця закона мы дамо больш падрабязную інфармацыю.
11 сакавіка 2022 года Сенат Польшчы прапанаваў некаторыя папраўкі ў гэты спецыяльны закон, якія дазволяць беларусам таксама скарыстацца яго палажэннямі.
Яшчэ раз настойліва раім устрымацца ад падачы якіх-небудзь заяў да прыняцця спецыяльнага заканадаўства і ўрэгулявання сітуацыі. Памятайце, што Вы знаходзіцеся легальна і ў хуткім часе зможаце скарыстацца палажэннямі часовай абароны або спецыяльнага закона.