«Сёння дзень народзінаў нашай любімай Машы.
Я памятаю яе погляд, поўны рашучасці, непахіснасці і запалу – калі мы толькі пазнаёміліся летам 2020-га. Дакладна такі ж яе погляд мы ўбачылі на відэа з суда – Маша ўсміхалася, танцавала і паказвала нам, што яна ні на секунду не пашкадавала пра сваё рашэнне.
Маша навучыла нас, што любы шлях, нават калі гаворка пра змены на ўзроўні цэлай краіны, – трэба пачынаць з сябе. І што такі шлях – гэта не разавае дзеянне, а выбар, які ты робіш кожны дзень.
Маша навучыла нас, што трэба выбіраць адчуваць не віну, а гонар. Не нянавісць, а любоў. Не паказваць на слабасці адно аднаго, а дзякаваць за моцныя бакі. Знаходзіць у сабе лепшае – і дзяліцца гэтым з іншымі.
Заўтра мы разам з сястрой Машы Таняй Хоміч і Веранікай Цапкала едзем у працоўны візіт у Берлін. Для мяне важна, што мы захоўваем нашую сувязь, але, вядома, родная Маша, нам вельмі не хапае цябе. Разам з нашай краінай ты цяпер праходзіш вялізнае выпрабаванне. Але ж мы ведаем, што, як і Беларусь, ты будзеш свабоднай. Хаця, насамрэч, ты ніколі і не пераставала такой быць.
З днём нараджэння, мая дарагая грацыя і баявая сяброўка Маша».