«16 ліпеня 2020 года мы разам з Марыяй Калеснікавай, Веранікай Цапкала за 15 хвілін прынялі рашэнне аб'яднаць штабы трох прэзідэнцкіх кампаній. Разам мы выступалі за перамены, дэмакратычную будучыню і свабоду – як і мільёны беларусак.
Многія з іх знаходзяцца ў зняволенні ў рэжыма: Марыя Калеснікава, галоўрэд TUT.by Марына Золатава, журналісткі Дар'я Чульцова і Кацярына Андрэева, актывістка Антаніна Канавалава, шматдзетная мама Вольга Залатар. Але ўвесь свет захапляецца імі. Таксама як і захапляецца ўсімі беларускамі, якія ў жніўні пачалі выходзіць у белай вопратцы і з кветкамі – супраць бясконцага гвалту, які зведалі беларусы.
Я абвяшчаю 16 ліпеня Днём салідарнасці з беларускімі жанчынамі. Я заклікаю беларусаў і сяброў Беларусі праявіць салідарнасць з адважнымі беларускімі жанчынамі, якія сталі не толькі сімвалам, але і рухавіком беларускай рэвалюцыі».
Як падтрымаць Дзень салідарнасці з беларускімі жанчынамі?
- Выходзьце на пікеты салідарнасці з беларускамі з партрэтамі палітвязняў, патрабуйце правядзенне новых выбараў, спынення гвалту і катаванняў.
- Рабіце заявы і прымайце рэзалюцыі ў падтрымку Беларусі, праводзьце мерапрыемствы з удзелам палітыкаў і вядомых дзеячаў.
- Падтрымлівайце віртуальныя акцыі салідарнасці: змяшчайце відэа, малюнкі, пасты са словамі салідарнасці.
- Пішыце лісты палітзняволеным жанчынам Беларусі, бярыце над імі патранаж, дапамагайце маці і жонкам палітвязняў.
- Запісвайце відэа, зачытваючы лісты жанчын у зняволенні.
- Падтрымлівайце беларусак праз фонды салідарнасці, якія аказваюць дапамогу палітвязням і іх сем'ям (Краіна для жыцця, BySol, ByHelp).