Учора Святлана Ціханоўская прыбыла ў Бухарэст з працоўным візітам па запрашэнні міністра замежных справаў Багдана Аўрэску. Гэта першы візіт лідаркі дэмакратычнай Беларусі ў гэтую краіну.
На сустрэчы з міністрам замежных справаў абмяркоўвалі дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці. У прыватнасці, дамовіліся з новага года аднавіць праграму стыпендыяў для беларускіх студэнтаў ва ўніверсітэтах Румыніі, а таксама разглядзець магчымасць стажыровак маладых беларусаў у кірунку дыпламатыі і публічнага адміністравання – як падрыхтоўку кадраў для дэмсілаў і новай Беларусі.
Гаварылі пра Усходняе партнёрства і ролю Беларусі, пра мерапрыемствы ў Еўрапейскім Саюзе. Ціханоўская заклікала трымацца палітыкі непрызнання Лукашэнкі і дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці.
Святлана Ціханоўская ўсклала кветкі да помніка ахвярам рэвалюцыі 1989-га года і наведала тое месца, дзе Чаўшэску выступаў з балкона, калі яго асвісталі рабочыя.
Таксама запланаваныя сустрэчы з прэм'ерам, з парламентарамі Сената і ніжняй палаты, з грамадзянскай супольнасцю. Плануецца выступ Святланы Ціханоўскай ва ўніверсітэце.
Сёння ў Румыніі пачынаецца саміт НАТА, вельмі важна, каб там прагучала тэма Беларусі і беларускага суверэнітэту.